Уладзімір Астапенка пра «дыпламатычную аптымізацыю» Лукашэнкі: Сродкі могуць скіраваць на працяг рэпрэсіяў


Лукашэнка не бачыць сэнсу захоўваць амбасады Беларусі ў шэрагу краінаў праз тое, што, паводле яго, перспектывы беларускай дыпламатычнай прысутнасці ў некаторых дзяржавах не праглядаюцца. Пра гэта ён заявіў сёння на адмысловай нарадзе аб аптымізацыі сеткі замежных установаў.

Былы амбасадар Беларусі ў Аргентыне Уладзімір Астапенка, які далучыўся да Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пракаментаваў «Белсату» заявы Лукашэнкі.

Уладзімір Астапенка.
Фота: «Наша Ніва»

Пра што можа сведчыць заява аб скарачэнні колькасць беларускіх дыпламатаў у некаторых краінах? Ці можна назваць гэта дэградацыяй беларускай дыпламатыі?

Здзіўляцца тут няма чаму. Гэта сведчыць аб дэградацыі ўсёй сістэмы дзяржаўнага кіравання, якая не здольная забяспечыць устойлівае развіццё краіны ні ў эканоміцы, ні ў фінансах, ні ў вонкавай галіне. Гэта таксама дэманструе татальны крах беларускай дыпламатыі і яе намаганняў пабудаваць збалансаваную шматвектарную палітыку. Сёння вонкавую палітыку Беларусі смела можна назваць малавектарнай, каб не казаць аднавектарнай. На жаль, у гісторыі нашай краіны былі такія моманты, калі лёс беларусаў вызначаўся без уліку іх голасу, без уліку іх нацыянальных інтарэсаў. І сёння мы мусім зрабіць усё, каб абараніць незалежнасць і суверэнітэт нашай краіны ў будучым.

Чаму стасункі з большасцю краінаў сапсаваліся і чаму Лукашэнка не кажа пра прычыну аптымізацыі?

Цяжка разлічваць на працяг канструктыўнага дыялогу, калі большасць цывілізаваных краін свету разам з беларускім народам лічаць кіраўніка дзяржавы нелегітымным. Адсюль ідзе і рыторыка рэжыму пра пагрозу дзяржаве звонку, кола ворагаў, якое пашыраецца, пра інтрыгі супраць Беларусі. Мы ведаем, што сустрэчы Святланы Ціханоўскай, кантакты Народнага антыкрызіснага ўпраўлення на міжнародным узроўні сведчаць пра тое, што ў Беларусі шмат сяброў, якія зацікаўленыя ў моцнай і стабільнай краіне, якія здольныя дапамагчы нам у аднаўленні нашай эканомікі, нашых вонкавых сувязяў. На мой погляд, так званая аптымізацыя Лукашэнкі накіраваная не на пошук новых сяброў, а на пераразмеркаванне бюджэтных сродкаў на карысць сілавых структураў для працягу рэпрэсіяў і запалохвання насельніцтва ў нашай краіне.

Адкрыццё выставы «Беларусь абуджаная», дзе прадстаўлены працы аўтараў, якія супрацуюць з «Белсатам». Варшава, Польшча. 26 лістапада 2020 году.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Чаго чакаць ад вонкавай палітыкі цяпер? Ці чакаць новых дыпламатычных войнаў?

Я так разумею, што аптымізацыя – унутраная справа Беларусі, і зразумела, што ў выніку такой аптымізацыі магчымасці беларускай дыпламатыі не пашырацца і голас у нашай краіне не стане больш гучны на міжнароднай арэне. Але ў сённяшніх умовах гэта не вельмі вялікая страта, бо ў большасці краін, дзе функцыянуюць нашыя амбасады, паслы нелегітымнага прэзідэнта ўжо аказаліся ў сітуацыі ізаляцыі. Цяжка разлічваць на эфектыўную працу прадстаўніка, якога нікуды не запрашаюць, з якім ніхто не размаўляе і не працягвае рукі. Можна чакаць, што эфектыўнасць нашай вонкавай палітыкі яшчэ больш знізіцца.

Гэтыя грошы, якія нібыта зэканомяць ад таго, што будзе менш прадстаўнікоў Беларусі за межамі, пойдуць на тое, каб было больш дубінак унутры Беларусі?

Нельга выключаць такой магчымасці.

Hавiны
Лукашэнка загадаў распавесці Захаду пра «польскі рэваншызм»
2021.04.06 16:27

belsat.eu

Стужка навінаў