Праваабаронцы «Вясны» адзначаюць, што ўмовы ўтрымання арыштантаў у ІЧУ і ЦІП Менгарвыканкама, а таксама ў ІЧУ Жодзіна і Магілёва значна пагоршыліся.
У сталічным ЦІП на падлогу выліваюць хлёрку. Раней пра гэта сведчыў лідар АГП Мікалай Казлоў, які нават патрапіў у шпіталь праз атруту хлёркай. Цяпер гэты факт пацвердзіў і старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Ігар Барысаў, які адбыў 15 содняў арышту.
Людзі, якія вызваліліся з Жодзінскага ІЧУ паведамляюць, што ахоўнікі збіваюць мужчын-арыштантаў, а ў жанчын забіраюць матрацы і коўдры, на ноч не выключаюць святло.
Былыя арыштанты лічаць, што збіванні ладзяць амапаўцы. Да катаванняў у жодзінскім ІЧУ адносіцца таксама і перапоўненыя камеры.
Перапоўненыя камеры і ў Магілёўскім ІЧУ. Людзей тут утрымліваюць у жудасных умовах.
У Магілёве ў асуджаных па палітычных матывах забралі ўсе кнігі і матрацы. Прычым іх не аддавалі нават на ноч. У выніку людзі вымушаныя былі спаць на падлозе. А ўначы працаўнікі ІЧУ будзілі людзей на пераклічку.
Перадачы, якія перадавалі родныя ў чацвер на мінулым тыдні, арыштантам не аддалі. Перадалі толькі «тры бутэлькі мінералкі і кулёк печыва».
«Любое дзеянне, якім якой-небудзь асобе наўмысна наносіцца моцны боль альбо пакута, фізічная альбо маральная, каб пакараць яе за рэалізацыю сваіх правоў і свабод, а таксама запалохаць ці прымусіць адмовіцца ад перакананняў або грамадскай дзейнасці – гэта катаванні, забароненыя міжнароднымі дамовамі і заканадаўствам Беларусі, за якія ўстаноўлена адказнасць у Крымінальным кодэксе.
Улады не спыняюць знішчэнне іншадумства – проста мадыфікуюцца метады і сродкі. На змену брутальным збіванням і расстрэлам гумовымі кулямі і святлошумавымі гранатамі на вуліцах прыйшлі здзекі ў ізалятарах і турмах. Таму я заклікаю пракуратуру і Следчы камітэт успомніць пра сваю функцыю і абараніць грамадзян Беларусі ад самавольства; беспакаранасць злачынцаў спараджае катастрафічныя наступствы для прававой сістэмы дзяржавы», – падкрэсліў праваабаронца «Вясны» Павел Сапелка.
СК belsat.eu