Украіна перадасць Расеі з палону меркаванага супрацоўніка КДБ


У спіс ваеннапалонных для абмену з Расеяй украінскі бок залучыў беларускага грамадзяніна, асуджанага на 10 гадоў пазбаўлення волі за найміцтва на тэрыторыі Украіны. Яго лічаць супрацоўнікам КДБ. Пра гэта паведамляе радыё «Свабода».

Максім Зязюльчык, які ваяваў на баку Расеі і трапіў у палон ва Украіне.
Фота: СБУ Украіны / Telegram / SBUkr

Паведамляюць, што грамадзянін Рэспублікі Беларусь Максім Зязюльчык быў асуджаны 18 студзеня ў Кіеве на 10 гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у якасці найміта ў баявых дзеяннях ва Украіне. І вось 2 сакавіка Украіна дадала яго ў спіс для перадачы Расеі ў межах абмену палоннымі. Адпаведнае рашэнне ўхваліў украінскі суд.

Адносна Зязюльчыка Служба бяспекі Украіны 21 студзеня заявіла, што той быў супрацоўнікам Камітэту дзяржаўнай бяспекі Беларусі. Сярод ягоных асноўных задачаў быў збор выведных звестак пра ўзоры замежнага ўзбраення, якія паступаюць падраздзяленням ЗСУ ад заходніх партнёраў. Беларускі кадэбэшнік таксама спрабаваў даведацца планы магчымага ўдзелу расейскіх ПВК у спробах адхілення ад улады Лукашэнкі.

Вядома, што Максіму Зязюльчыку 22 гады. Пасля каледжу адслужыў тэрміновую службу ў адной з частак сілаў спецыяльных аперацыяў Беларусі. Затым, паводле СБУ, мужчына ў снежні 2020 года паступіў на службу ў 2-м антытэрарыстычным аддзеле КДБ на пасаду выведніка.

Ва Украіну прыбыў 21 ліпеня 2022 года, атрымаў зброю на пасадзе кулямётчыка ў горадзе Ізюм Харкаўскай вобласці. Служыў у падраздзяленні «Ветэраны» кулямётчыкам-рэтранслятарам у ПВК «Рэдут». 19 верасня Максіма ўзялі ў палон недалёка ад Сватава Луганскай вобласці.

Апошні раз Расея і Украіна абменьваліся палоннымі 16 лютага. Тады ва Украіну вярнуліся 100 вайскоўцаў і 1 цывільны грамадзянін.

Hавiны
Найміт з Беларусі трапіў у палон ва Украіне. Праваяваў за Расею менш за два месяцы
2022.10.06 18:40

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў