Фермеры Латвіі патрабуюць забараніць імпарт беларускай і расейскай сельгаспрадукцыі


Латышскія фермеры ў панядзелак, 5 лютага, правялі акцыі пратэсту адразу ў 16 гарадах краіны. Сярод іншага, яны патрабавалі забароны імпарту і транзіту праз Латвію беларускіх і расейскіх сельскагаспадарчых тавараў.

5 лютага ў Латвіі распачаліся пратэсты фермераў.
Фота: Latvijas Radio

Пратэстоўцы прыехалі ў цэнтр 16 гарадоў Латвіі, акрамя Рыгі, на трактарах. Яны казалі, што праз продаж за мяжу сельгаспрадукцыі Расея фінансуе вайну, таму трэба забраць у яе такую магчымасць і забараніць імпарт як расейскіх, так і беларускіх тавараў.

«ЕЗ дазваляе імпартаваць крывавае расейскае збожжа на наш агульны рынак і транспартаваць яго праз еўрапейскія парты і тэрміналы. Адной рукой мы дапамагаем украінцам, а другой рукой дазваляем агрэсару красці зерне ва Украіне і з вялізным прыбыткам прадаваць яго ў Еўропе. Мы патрабуем адрэзаць Расею ад гэтага спосабу фінансавання вайны», – заявіў арганізатар пратэснай акцыі, лідар супольнасці «Сялянскі сейм» Юрыс Лаздыньш.

Акрамя забароны на імпарт сельгаспрадукцыі з Беларусі і Расеі, фермеры патрабуюць знізіць падатак на дададзеную вартасць на фрукты, ягады і гародніну, што вырошчваецца ў Латвіі, скараціць бюракратычныя выдаткі ў сельскагаспадарчай галіне, спрасціць доступ да праграмаў страхавання і крыніцаў папаўнення абаротных сродкаў.

Калі ўрад не пойдзе насустрач высунутым патрабаванням, фермеры абяцаюць 12 лютага прыехаць у Рыгу.

Агляд
Дзе і чаму пратэстуюць у свеце – паводле БТ і напраўду
2024.02.05 07:10

Тым часам Міністэрства сельскай гаспадаркі Латвіі перадало на ўзгадненне ў Кабінет міністраў праект правілаў «Парадак выдзялення падтрымання ад дзяржавы і Еўрапейскага Звязу на страхаванне жывёлы, пасеваў і насаджэнняў у перыяд планавання на 2023–2027 гады». Сярод іншага, у праекце гаворыцца, што фермеры, якія працягнуць замаўляць сыравіну з Беларусі і Расеі, не змогуць прэтэндаваць на падтрыманне.

Напрыканцы студзеня 2024 года ў шэрагу краінаў Еўразвязу пачаліся пратэсты фермераў супраць аграрнай палітыкі ЕЗ. Удзельнікі акцыяў прыязджалі на трактарах у гарады Нямеччыны, Францыі, Іспаніі, Бельгіі, Нідэрландаў, Польшчы, Італіі ды Вугоршчыны. Яны патрабавалі перагляду нацыянальнага заканадаўства і нормаў, вызначаных ЕЗ у аграрным сектары.

Hавiны
Польскія фермеры пагадзіліся разблакаваць пераход на мяжы з Украінаю
2023.12.23 19:32

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў