«Financial Times»: Праз 10 дзён Расея можа пачаць буйнамаштабны наступ ва Украіне


Расея можа пачаць буйнамаштабны наступ ва Украіне ў найбліжэйшыя 10 дзён. Пра гэта 5 лютага паведаміла выданне «Financial Times» са спасылкай на неназванага дарадцу ўкраінскай арміі. Паводле яго, інфармацыя «вельмі надзейная».

Мужчына разбірае завал у адным з пашкоджаных дамоў. Паселішча Архангельскае, Херсонская вобласць, Украіна. 8 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Месцам для новага нападу можа стаць заходняя частка Луганскай вобласці ў ваколіцах Крэмінной і Ліману, якія былі адбітыя Збройнымі сіламі Украіны падчас контрнаступу восенню 2022 года. Расея збірае там войскі ўжо некалькі тыдняў.

Пра тое, што Кіеў чакае наступу расейскіх войскаў, заяўлялі і ўкраінскія ўлады. Гэтак, прэзідэнт Уладзімір Зяленскі 5 лютага паведаміў, што расейцы хочуць паспрабаваць у лютым «адыграцца за леташнія паразы». У прыватнасці, «вельмі цяжка ў Данецкай вобласці».

А міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў адзначыў, што расейцы «з сімвалічных прычынаў» могуць пачаць наступ напярэдадні гадавіны поўнамаштабнага ўварвання, што прыпадае на 24 лютага. Таксама прадстаўнік украінскай разведкі Андрэй Чэрняк казаў, што прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін нібыта загадаў цалкам захапіць Данецкую і Луганскую вобласці да сакавіка.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў