«Apple» разблакоўвае распрацоўшчыкаў з Беларусі, акаўнты якіх нібыта трапілі пад санкцыі


«Apple» вяртае распрацоўшчыкам з Беларусі прыкладанні ў статус Ready for Sale і праводзіць разблакоўку акаўнтаў. Паведамленні пра тое, што акаўнт пад санкцыямі, таксама прыбіраюць, піша dev.by.

Распрацоўшчыкі-фізічныя асобы і кампаніі-паблішэры паведамляюць dev.by, а таксама пішуць у чатах, што іх разблакавалі, а статус цяпер – «Вольны ад санкцыяў».

5 лютага распрацоўшчыкі пачалі скардзіцца, што «Apple» без папярэджання блакуе акаўнты, якія маюць дачыненне да Беларусі. Паведамленні аб блакаванні атрымалі як кампаніі-паблішэры, так і распрацоўшчыкі – фізічныя асобы, ІП. У акаўнтах App Store Connect з’явілася графа са статусам, дзе было пазначана, што профіль трапіў пад санкцыі.

«Мы выявілі праблемы, правяраючы ваш уліковы запіс. Інфармацыя пра юрыдычную асобу, звязаная з вашым уліковым запісам, цалкам адпавядае краіне з абмежаваным доступам ці адной альбо некалькім краінам з вольнага кантрольнага спісу ўраду ЗША, санкцыйнага спісу іншага ўраду ці спіску рэгіёнаў з абмежаваным доступам», – казалася ў паведамленні.

6 лютага распрацоўшчыкі сталі атрымліваць лісты ад «Apple» з выбачэннямі. Кампанія тлумачыць, што акаўнты былі заблакаваныя памылкова:

«Вам памылкова быў адпраўлены электронны ліст з інфармацыяй пра тое, што юрыдычная асоба, звязаная з вашым уліковым запісам Apple Developer адносіцца да рэгіёну з абмежаваным доступам. Вашая юрыдычная асоба не адносіцца да спісу рэгіёнаў з абмежаваным доступам, мы выправілі памылку. Цяпер ваш уліковы запіс актыўны, і ўсе звязаныя з ім прыкладанні і ўбудаваныя пакупкі зноў дасяжныя. Ніякіх далейшых дзеянняў з вашага боку не патрабуецца. Прыносім выбачэнні за магчымыя нязручнасці».

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў