«Прыйшлі на «агляд», забралі ўсё, што знайшлі»: магілёўскіх журналістаў пакінулі без тэхнікі


Міліцыянты Ленінскага РАУСу Магілёва 5 лютага затрымалі журналістаў-фрылансераў Аліну Скрабунову і Аляксандра Сідарэўскага і даставілі ў аддзяленне. А затым накіраваліся з Алінай на агляд ейных аўтамабіля і кватэры. Падчас гэтак званага агляду міліцыянты Аляксандр Тамашоў і Васіль Карніенка забралі ўсю тэхніку, якую знайшлі, а гэта: 2 відэакамеры, 2 ноўтбукі, 1 нэтбук, 2 тэлефоны, 1 фотакамера, 1 сістэмны блок і флэшкі. Ніякіх дакументаў пра выняцце маёмасці журналістам не паказалі і не выдалі.

Затрыманне і агляд, са словаў міліцыянтаў, рабілі ў межах адміністратыўнага працэсу паводле артыкулу 22.9 КаАП – за «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродку масавай інфармацыі». Паводле гэтага артыкулу міліцыя ўжо не раз прыцягвала да адміністратыўнай адказнасці Аліну і Аляксандра, але ніколі раней у межах справы не чынілі агляду з выняццем тэхнікі.

«Мы збіраліся ехаць на суд, каб рабіць рэпартаж. Калі я села ў аўта, то пачула, як нехта звяртаецца да Сідарэўскага: «Гэта Ленінскі РАУС». Я выйшла з аўта, а вакол стаяць міліцыянты Тамашоў і Карніенка. Яны загадалі праехаць з імі проста цяпер. Я пакінула ў аўтамабілі свой тэлефон, а Сідарэўскі – відэакамеру. Мы селі ў «Джылі» і паехалі ў Ленінскі РАУС», – каментуе Аліна.

Журналісты Аліна Скрабунова і Аляксандр Сідарэўскі.
Фота: Белсат

У РАУСе журналістаў развялі па розных кабінетах. Праз тры гадзіны чакання нейкіх дзеянняў Карніенка паказаў журналістцы санкцыю на агляд кватэры і аўтамабіля. Ніякіх пратаколаў апытання або затрымання не складалі. Правоў не тлумачылі.

Міліцыя павезла Аліну назад на месца затрымання. Аляксандра пакінулі ў РАУСе.

«Я запатрабавала адваката. У дзяжурным адвакаце мне адмовілі, а пазваніць свайму адвакату не далі. Гэта чулі ўсе міліцыянты, а таксама ўсе сведкі. Тады я папрасіла сведкаў пазваніць адвакату, але Карніенка забараніў ім званіць. Пасля доўгіх угаворванняў адзін са сведкаў патэлефанаваў маёй маці. У той час міліцыянты з майго аўта дасталі тэлефон і камеру, апісалі іх. Для выгляду яны адчынілі багажнік і агледзелі, што там ляжыць, але нічога больш не забіралі», – кажа Аліна.

Міліцыянт Аляксандр Тамашоў.
Фота: Белсат

Як згадвае журналістка, у ейнай кватэры міліцыянты паводзіліся, як удома, хоць яны прыйшлі толькі на «агляд». У выніку забралі ўсю тэхніку, што знайшлі. Разам з камерамі і камп’ютарамі міліцыянты апісалі і 3 штатывы, хоць гэта не носьбіты інфармацыі.

Пасля выняцця ўсёй тэхнікі, што была ў кватэры, на рукі Аліне не выдалі ніякіх дакументаў. Была тэхніка – і ўсё, больш яе няма. Журналістку яшчэ раз адвезлі ў Ленінскі РАУС, каб аддаць там позву на 19 лютага.

«Апытваць у справе мяне не сталі, бо ў іх няма ніякіх доказаў маёй віны ці прыналежнасці да справы. Яны толькі плануюць знайсці гэтыя доказы падчас агляду тэхнікі», – распавядае Аліна.

Міліцыянт Павал Башарымаў, які кіраваў затрыманнем журналістаў і аглядам з ізыманнем тэхнікі.
Фота: Белсат

Тым часам Аляксандра проста адпусцілі з РАУСу, таксама з позваю на 19 лютага. Пра выняцце сваёй тэхнікі ён даведаўся ад Аліны, бо ў часе агляду і выняцця яго не было.

«Міліцыянты проста цягнулі час. У іх не было матэрыялаў справы, мне нічога не паказалі. У пэўны момант міліцыянт, які мяне ахоўваў, зачытаў з тэлефона пытанне, ці здымаў я 21 студзеня ў судзе Ленінскага раёну сюжэт для «Белсату». Пасля чаго ён склаў пратакол майго апытання, уручыў позву і адпусціў», – сказаў Аляксандр.

На думку журналістаў, выняцце тэхнікі – ініцыятыва Ленінскага РАУСу Магілёва, а менавіта: міліцыянтаў Аляксандра Пушына і Цімура Пахоменкі, якія пастаянна падыходзілі да журналістаў і сачылі за ходам справы. Журналісты лічаць, што такім чынам міліцыя хоча заблакаваць іхную працу. Цяпер тэхніка будзе заставацца ў міліцыі да суда, які мае пастанавіць, што з ёй рабіць далей.

Цікавы факт: максімальны штраф паводле артыкулу 22.9 КаАП – 50 базавых – меншы за кошт кожнае адзінкі вынятае тэхнікі.

  • Аліну Скрабунову і Аляксандра Сідарэўскага штрафавалі за супрацу з «Белсатам» паводле артыкулу 22.9 КаАП 8 разоў толькі ў 2020 годзе. Раней, каб даказаць датычнасць журналістаў да пэўнага відэа, міліцыянты выкарыстоўвалі сведчанні сваіх калег, а таксама відэа з камераў назірання ў судах.

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў