Нямеччына дапаможа беларусам, пацярпелым ад бязмежжа сілавікоў


Нямеччына выдзеліла каля 21 мільёна еўраў на праграму падтрымання апазіцыі ў Беларусі. Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Нямеччыны Гайка Маас, піша «РИА Новости».

Міністр замежных справаў Нямеччыны Гайка Маас заявіў, што Берлін дапаможа беларусам, пацярпелым ад бязмежжа сілавікоў.

«Будзьце перакананыя: Нямеччына і ЕЗ на вашым баку. Мы ўвялі санкцыі супраць Лукашэнкі і ягонага рэжыму. І мы распрацавалі план захадаў «Грамадзянская супольнасць Беларусі» на суму да 21 мільёна еўраў», – заявіў міністр Гайка Маас.

Міністр замежных справаў Нямеччыны Гайка Маас. Фота Reuters

Міністр таксама дадаў, што праграма падтрымання беларускай апазіцыі ўключае ў сябе стыпендыі студэнтам, якіх выключылі з ВНУ, падтрыманне незалежных медыяў, а таксама надаванне прытулку палітычным уцекачам.

«І мы створым механізм для збору доказаў супраць тых, хто парушае правы чалавека. Прыйдзе дзень, калі яны будуць прыцягнутыя да адказнасці. Прыйдзе дзень, калі народ Беларусі зможа жыць ва ўмовах дэмакратыі, свабоды і вяршэнства закона», – сказаў міністр.

Сёння канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель распавяла, што Нямеччына прыняла план падтрымання грамадзянскай супольнасці Беларусі, у межах якога спрашчаюцца правілы атрымання візаў, прадугледжаныя стыпендыі і падтрыманне незалежных медыяў. Канцлер прызнала, што «гэта не залагодзіць канфлікту паміж законнасцю і прыгнётам у Беларусі», бо тое немагчыма зрабіць звонку. Але, падкрэсліла Мэркель, «гэта паказвае адважным людзям там, што мы [Нямеччына. – Рэд. Belsat.eu] падтрымліваем і чуем іх голас».

Hавiны
Мэркель паабяцала новыя санкцыі ў адказ на парушэнне правоў чалавека ў Беларусі
2021.02.06 14:05

СК belsat.eu

Стужка навінаў