news
Інтэрв'ю
«Гэта выхаванне рабоў». Купалавец Ігар Сігоў пра псеўдапатрыятызм і вар’ятаў у пагонах
Пра вар’яцтва вакол нас, бязмежжа ўлады ды патрыятызм чытайце ў вялікім інтэрв’ю.
05.12.202313:00

На YT-канале «Белсат LIFE» адбылася прэм’ера эпізоду «Патрыятычнае практыкаванне» абсурдысцкай антыўтопіі «Працэсы». Ролю звар’яцелага і дэманічнага кіраўніка КДБ выканаў вольны купалавец, заслужаны артыст Беларусі Ігар Сігоў. Пра вар’яцтва вакол нас, сваволю ўладаў і патрыятызм чытайце ў вялікім інтэрв’ю.

Вольны купалавец, заслужаны артыст Беларусі Ігар Сігоў падчас здымання эпізоду «Патрыятычнае практыкаванне» абсурдысцкай антыўтопіі «Працэсы». Варшава, Польшча. 16 чэрвеня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

«Гэта добра, што баліць, значыць, вы жывыя людзі»

– Ваш персанаж з’яўляецца ў другой палове серыі – і з’яўляецца вельмі яскрава. Акрамя таго, што гэта кіраўнік КДБ, мы нічога пра яго не ведаем. Хто ён, у вашым уяўленні?

– Гэта ўсё ж прыдуманы персанаж, але які можа з’явіцца ўрэшце, калі ўсё будзе ісці так, як цяпер, калі кіраваць будуць такія людзі і выхоўваць патрыятызм такім чынам. Калі мы працавалі над гэтым персанажам разам з рэжысёрам, то згадвалі таго вайскоўца, які пераняў «заряд энергии и бодрости». Гэта мяне падштурхнула да такога вобразу звар’яцелага, які шчыра верыць, што ён мае рацыю.

Я таксама думаў, як бы я для сябе яго апраўдаў, чаму ён такі. Яму трэба змагацца са злом. Звычайны чалавек, які мае іншую думку, – гэта для яго ўжо зло. І там былі спрэчкі наконт таго, ці пакідаць сцэну з расстрэлам. Былі розныя думкі, але я чамусьці пагаджаюся, што гэта мусіць быць. Пра гэта трэба гаварыць, бо мы можам дайсці да гэтага, калі мы не спынімся, калі не будзем разумець, дзе белае, а дзе чорнае.

Інтэрв’ю
«Яны хоць і абсурдныя, але рэальныя». Акторы «Працэсаў» расказалі пра свае ролі – амапаўца і ягонай жонкі
2023.11.27 15:48

– Былі спрэчкі і пра тое, ці ўвогуле трэба было падымаць такія тэмы, бо людзям дагэтуль баліць.

– Гэта добра, што баліць, значыць, вы жывыя людзі. Калі б гэта не балела, калі б гэта не чапляла, калі б да гэтага ставіліся нармальна – то гэта хана! Гэта б азначала, што чалавецтва дэградуе. Мне падаецца, што гэты фільм хоць і праз нейкі смех, праз нейкі гумар, але ён кажа нам: «Гэй, людзі! Мы можам дагуляцца!» Канечне, гэта анекдот, але ў кожным жарце толькі палова жарту. Гэта дае людзям магчымасць паглядзець збоку на тое, да чаго мы можам прыйсці, калі мы не схамянёмся.

– Вы сказалі пра шчырую веру свайго персанажа ў тое, што ён змагаецца са злом. Але ж мы бачым у серыяле татальную няшчырасць усёй гэтай сістэмы, фарс, цырк. Атрымліваецца, яны шчырыя ў сваёй няшчырасці?

– Ну, хто ўва што верыць. Калі ты верыш, што калі табе аддалі загад, ты гэта робіш і не задумваешся, чаму ты гэта робіш, бо «начальства бачыць лепш»… Калі катавалі людзей на Акрэсціна, яны не шчыра гэта рабілі? Шчыра. А некаторым нават падабалася. Яны ж у гэта вераць, бо ты злодзей для яго, ты парушаеш ягонае спакойнае жыццё. Ён пры ўладзе, ён пры грошах, ён мае зброю. Ты не можаш мець зброі, ты не можаш у адказ стрэліць, а ён можа, і шчыра верыць, што ён правы і наводзіць парадак.

Фота: Карына Пашко / Белсат

– Пакуль пісаўся сцэнар, пакуль здымалі, мантажавалі, ён пачаў ператварацца ў жыццё ў вельмі высокай ступені. Гэта ўжо нагадвае дакументальны фільм. Ці не страшна ад гэтага?

– Тое, што мы ідзём да гэтага, было зразумела раней. На жаль, гэта спраўджваецца, яно выходзіць у рэальнасць. Я не ведаю, як гэта растлумачыць, ці страх гэта. Мне не зусім ад гэтага страшна, бо гэта было прадказальна. Мы ўсе разумеем, што гэта няправільна, але як гэта спыніць?

«Кроў пачала ліцца з іншага боку, у нас пачалі страляць»

– Для мяне страшна, што гэтае зло эвалюцыянуе. І для мяне пытанне, чаму людзі, якія бачылі шмат злога, дазваляюць гэтаму злу існаваць.

– Разумееш, мне здаецца, што ў нас яшчэ ёсць вось гэтае: «А што я магу зрабіць? А што я адзін магу зрабіць? Я б, можа, і хацеў, але мяне скруцяць, пасадзяць, расстраляюць». Зло трэба знішчаць, але ўсім разам. Можа, на мяне пакрыўдзяцца вольныя беларусы… А што, калі б мы не з’ехалі, каб засталіся і ўзялі б дубіны? Мы маглі б перамагчы?

Купалавец Ігар Сігоў у Катынскім музеі. Варшава, Польшча. 19 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

– Толькі талакою.

– Толькі талакою і са зброяй у руках. Беларусы на той момант хацелі вырашыць праблему дэмакратычным шляхам, без пралівання крыві. Кроў пачала ліцца з іншага боку, у нас пачалі страляць. Выбачайце за крамолу, напэўна, усё ж тады трэба было аб’яднацца ўсім талакою і ўжыць сілу. Канечне, каб за намі стала хаця б войска, то зламалі б мы гэтую сістэму. Але, на жаль, атрымалася, як атрымалася.

«Маці хацела, каб я быў афіцэрам»

– Гэта ў вас ад пачатку павялося, што вы граеце то фашыстаў, то энкавэдэшнікаў, то кадэбэшнікаў?

– У мяне, відаць, такая фактура, звычайна гэта былі фашысты. Мне падабалася граць адмоўных персанажаў, яны больш багатыя, яскравыя. Зло – яно ж заўсёды не адной фарбай пісанае. Герой – ён адразу герой, ён правільны. Але нават калі я граў фашыстаў, я падыходзіў з такога гледзішча, што гэта перш за ўсё людзі. Я намагаўся разабрацца, чаму яны такія, гэта вельмі цікава.

Нас так вучылі ад самага пачатку, што каб сыграць персанажа (не важна, добрага ці злога), трэба задаваць сабе пытанні пра яго. Гэта дапамагае зрабіць вобраз персанажа дасканалым.

Фота: Карына Пашко / Белсат

– Вы з Полацку, там даволі шмат вайсковых частак, шмат гралі афіцэраў. Ці хацелі быць афіцэрам?

– Маці хацела, каб я быў афіцэрам. Яна вельмі любіла вайсковых, закахалася ў бацьку, бо ён акурат быў вайсковец. Вельмі паважалі афіцэраў, бо гэта была годнасць, справядлівасць і выпраўка. Гэта былі людзі правільных ідэалаў. На сённяшні дзень сапраўдных афіцэраў, якія б засталіся вернымі гэтаму ў той ступені, у якой я гэта разумею, – іх, на жаль, засталося мала. Сапраўдныя вайскоўцы абавязаныя абараняць, а не забіваць, гэта іхны абавязак. Калі афіцэр дазваляе сабе не бараніць, а нападаць, тым больш на бяззбройнага, то пра якую годнасць мы кажам.

У школе я быў выдатнікам баявой падрыхтоўкі, добра страляў, ведаў статут, мне падабалася служба, шмат займаўся спортам. У нас у восьмым класе была такая гульня «Зарніца», і мяне там паставілі камандаваць у Полацку на плошчы. Пры ўсім гэтым я вельмі паважаю зброю, стаўлюся да яе з павагай, бо разумею, на што яна здатная. Таму для мяне персанажы вайсковыя даволі натуральныя.

– Афіцэры ў сённяшняй сучаснай Беларусі – яны хто?

– Яны афіцэры намінальна. Я нават не ведаю, як сказаць, бо я ведаю шмат афіцэраў, якія, здаецца, нармальныя і адэкватна ўсё разумеюць, але што ім перашкаджае быць афіцэрамі ў той ступені, як мы з табой іх разумеем, не ведаю.

Інтэрв’ю
«Думала, пачаўся канец свету»: аўтары серыялу «Працэсы» пра тое, як яго здымалі ў Варшаве
2023.11.23 09:00

«Гэта не патрыятычнае выхаванне, гэта выхаванне рабоў»

– Апошнія паўгода ў Беларусі ўзніклі абавязковыя вайскова-патрыятычныя лагеры, на кожным «свяце» зброя, дзецям у рукі даюць прылады, якімі можна забіваць людзей. Вы згадалі «Зарніцу». Як тое, што было ў вашым дзяцінстве, адрозніваецца ад сённяшняга?

– У нас была пачатковая вайсковая падрыхтоўка, у асноўным гэта была базавая падрыхтоўка да службы ў войску. На маю думку, кожны мужчына павінен валодаць зброяй, ва ўсялякім разе ведаць, з якога боку да яе падысці, бо, на жаль, прыходзяць тыя часы, калі трэба бараніцца.

Але мяне бянтэжыць тое, што цяпер на гэтых «патрыятычных выхаваннях» на дзетак надзяваюць кайданкі і кажуць: «Бачыш, калі ты дрэнна будзеш сябе паводзіць, то будзе табе вось так». Яны пачынаюць вучыць дзяцей, што калі ты будзеш ісці супраць улады, то будзе так, а калі за ўладу – то будзе добра.

Гэта не патрыятычнае выхаванне, гэта выхаванне рабоў. І «Працэсы» ўласна пра гэта. Мы ідзём да гэтага сямімільнымі крокамі. Сцэнар не да канца ж з галавы ўзяты, да гэтага ёсць усе перадумовы.

Фота: Карына Пашко / Белсат

– Патрыятычнае выхаванне ў той форме, у якой яно існуе ў сучаснай Беларусі, можа быць эфектыўным?

– Мне падаецца, што дзяцей ад гэтага трэба берагчы і ратаваць. Уліваць прапаганду старэйшым дзецям не мае сэнсу, бо яны ўжо разумеюць, дзе дабро, а дзе зло. А вось з малымі, у якіх ідзе патрыятычнае выхаванне, якія яшчэ не сфармаваліся, а не дай Божа яшчэ і бацькі падтрымліваюць уладу ды скіроўваюць дзяцей да такога патрыятызму, можа быць праблема. Можа вырасці пакаленне, як цяпер у Расеі, якое ідзе забіваць украінцаў. Свет перакуліўся, і гэта можа стаць рэальнасцю беларускай. Будзе расці пакаленне, для якога «забі іншага, бо ты не згодны з ім» зробіцца нормай.

– Ці можна ўвогуле назваць гэта патрыятызмам?

– Патрыятызм – гэта калі мне не загадваюць уздымаць сцяг, а калі я сам хачу гэта рабіць. Калі я ў сваёй краіне, калі я адчуваю абароненасць, маю свае правы, калі мне падабаецца тут жыць. І сцяг я ўздымаю, не таму што свята, а бо я хачу, каб у мяне ён вісеў, хачу падымацца кожную раніцу пад гімн Беларусі, які мне падабаецца, які ёсць гімнам маіх людзей, тых, якімі я ганаруся, – вось гэта патрыятызм.

Lauren   belsat.eu