За што кідалі пад арышт у лістападзе: песня, налепка, адмова адчыніць дзверы…


Праваабаронцы «Вясны» зрабілі агляд прычынаў палітычных арыштаў у Беларусі за мінулы месяц і пачатак бягучага. Агулам за лістапад-2021 прысудзілі з палітычных прычынаў 1143 дзён арышту 81 людзям, а таксама выпісалі 12 штрафаў агулам на 18 270 рублёў.

Міліцыянты на сэгўэях. Менск, Беларусь. 3 верасня 2021 года.
Фота: police_minsk / Telegram

Некаторыя прыклады палітычных адміністратыўных справаў.

За рэпост – інваліда, хворага на Паркінсона. У бабруйчаніна Сяргея Бяляева зноў правялі ператрус, судзілі за рэпост – «Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», арыштавалі на 10 дзён. Мужчына – інвалід II групы, мае хваробу Паркінсона і ўжыўлены нейрастымулятар, у якога сядаюць батарэйкі. Пасля розгаласу ў медыях яго звазілі дахаты, дазволілі падзарадзіць стымулятар. У міліцыі яго білі па галаве.

За рэпост – супрацоўніцу ААН, хворую на рак. 49-гадовую Анастасію Несцераву, якая працуе фінансава-адміністрацыйнай асістэнткай у праграмы развіцця ААН у Беларусі, два разы запар асудзілі паводле арт. 19.11 КаАП за захоўванне «экстрэмісцкіх» матэрыялаў (перасылка ў прыватнай перапісцы матэрыялу Zerkalo.io сяброўцы за мяжой). Жанчыну затрымалі 18 лістапада і арыштавалі на 10 содняў, потым яшчэ на 15. За кратамі апынуўся і яе муж, якому прызначылі 15 содняў за «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

За спробу трапіць на суд да Міколы Дзядка.35-гадовая Ульяна Ягорава прыйшла ў Менскі гарадскі суд на паседжанне ў справе палітзняволенага Міколы Дзядка. Спачатку яна забыла пашпарт, а пакуль хадзіла па яго, суд над Дзядком ужо пачаўся. Пра гэта ёй нагадаў міліцыянт на ўваходзе. Ульяна адказала, што тады пачакае перапынку і зойдзе пасля яго. Даглядзелі рэчы ў заплечніку, патрабавалі прачытаць асабістыя нататкі – яна адмовіла, яе даставілі ў міліцыю. Асудзілі на 7 дзён арышту за «дробнае хуліганства», бо нібыта «паводзіла сябе агрэсіўна і задзірліва, гучна крычала, нецэнзурна лаялася, на заўвагі не рэагавала».

Артыкулы
Міколу Дзядка асудзілі да 5 гадоў калоніі
2021.11.10 10:13

За спробу трапіць на суд да Вольгі Залатар. 32-гадовую Таццяну Батуру таксама затрымалі ў Менскім гарадскім судзе, пасля кантролю на ўваходзе схапілі «людзі ў цывільным». Асудзілі на 15 дзён арышту за «дробнае хуліганства» (на судзе яна казала, што міліцыянты ўдарылі яе галавой аб шафу), потым яшчэ на 15 – за адмову ад «прафілактычнай гутаркі» (фармальна – зноў за «дробнае хуліганства»). Ад 18 да 30 лістапада трымалі ў карцары, вымушалі спаць на падлозе, у жанчыны завяліся вошы. Міліцыянты абяцалі ёй трымаць яе за кратамі два месяцы.

Артыкулы
Збітую ГУБАЗіКам маці пяці дзяцей Вольгу Залатар асудзілі на чатыры гады
2021.12.03 11:39

За бел-чырвона-белыя налепкі ў барбершопе. 48-гадовага Руслана Мялешку асудзілі за «несанкцыянаванае мерапрыемства» і «непадпарадкаванне» за тое, што «пікетаваў» налепкамі ў барбершопе. Прысудзілі 30 дзён арышту.

За налепку з Пагоняй на машыне. 53-гадовай жыхарцы Менску Аксане Зыбінай прысудзілі 10 дзён арышту за «несанкцыянаваную акцыю» – яна «пікетавала» налепкай на багажніку машыны. На судзе стала вядома, што яе затрымалі паводле даносу ў міліцэйскі чат-бот.

Hавiны
Павел Белавус не выйшаў на волю пасля 15 дзён арышту
2021.12.04 09:57

За ўключаную песню «Муры» пад Акрэсціна. Двух хлопцаў, якія пад сценамі ізалятару ў машыне ўключылі песню «Разбуры турмы муры», асудзілі на 15 дзён арышту, але потым склалі новыя пратаколы (ці выйшлі яны на волю, невядома). За рулём машыны быў 33-гадовы Руслан Багданоўскі, другога хлопца прозвішча — Канавалаў. Іх трымалі ў карцарах у нечалавечых умовах.

За адмову адчыняць дзверы для правядзення ператрусу. 33-гадовую экскурсаводку Наталлю Петухову затрымалі разам з яе сястрой Аленай пасля ператрусаў у іх кватэрах, якія праводзілі супрацоўнікі КДБ. Алену праз некаторы час адпусцілі, а Наталлю за «непадпарадкаванне» асудзілі на 15 дзён арышту, бо яна нібыта «адмовілася адчыняць дзверы супрацоўнікам КДБ» і «перашкаджала ім сваім целам праходу ў сваю кватэру». Жанчына адмовілася ад дачы паказанняў і ад адваката, «сведка-міліцыянт» на судзе заявіў, што нічога не памятае дакладна, бо «шмат праводзіць ператрусаў за дзень».

За тое, што доўга не адчыняла дзверы. Да 59-гадовай пенсіянеркі Ніны Маслоўскай а 7-й раніцы прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Яна прасіла 5 хвілін апрануцца, пасля адчыніла дзверы. Жанчына казала, ніхто з сілавікоў не назваўся міліцыяй і не прасіў адчыніць дзверы. Асудзілі на 8 дзён арышту.

Hавiны
Псіхолаг: Сілавікі цяпер на вайне, нават дзяўчына з кветкамі – для іх вораг
2021.11.20 14:00

За адмову запісаць «пакаяльнае відэа». Экскурсаводку Аксану Манкевіч затрымалі хітра: яна прыйшла на загадзя замоўленую экскурсію на менскую плошчу Свабоды, але замест кліенткі да яе падышоў чалавек, які запатрабаваў у яе прайсці ў будынак ГУБАЗіК. Прымусілі разблакаваць тэлефон, але ў ім нічога не знайшлі. Патрабавалі запісаць «пакаяльнае відэа», але яна адмовілася, бо не разумела, у чым трэба «каяцца». Тады ў яе ўдома правялі ператрус, павезлі назад у ГУБАЗіК і потым у РУУС. Яна нібыта адмаўлялася ісці ў РУУС (міліцыянт не памятаў, у якой вопратцы яна была) – асудзілі за «непадпарадкаванне» на 15 дзён.

За падпіскі на «экстрэмісцкія каналы». Цягам лістапада ладзілі ператрусы і прысуджалі «содні» і штрафы за падпіску ці распаўсюд матэрыялаў Tut.by, «Nexta», «ByPol», платформы «Голас»… Мужа і жонку Дзмітрыя і Наталлю Карачуноў арыштавалі на 15 і 13 дзён адпаведна. На «пакаяльным відэа» дзяўчына кажа, што з’яўляецца адміністратаркай мясцовага Telegram-каналу «Поехали Барановичи».

Аналітыка
Эксперты: Улады намагаюцца перанесці свой страх на грамадства, бо іначай рэалізаваць сваю ўладу яны не могуць
2021.12.04 17:00

АА belsat.eu

 

 

Стужка навінаў