Каля 4-й раніцы 4 снежня карабель-сухагруз «Руслана» расейскай кампаніі «Трансфлот», які плыў з Клайпеды, амаль сеў на мель на Сабяшэўскім востраве на ўсходзе ад польскага Гданьска.
Паводле звестак польскага Марскога парталу, карабель плыў на хуткасці каля 11 вузлоў (20 км/гдз) проста на пляж, але развярнуўся за тры кабельтавы (555 метраў) перад тым, як сеў бы на мель і за 1 км ад краю пляжу. Пасля карабель пайшоў у порт Гданьска.
Марская адміністрацыя паведаміла памежнікам пра дзіўны манеўр. Памежнікі праверылі цвярозасць экіпажу – аказалася, у капітана было каля 1 праміле алкаголю, у двух афіцэраў – каля 1,5 праміле (такая канцэнтрацыя ў выдыханым паветры лічыцца лёгкім алкагольным ап’яненнем). Усе яны – грамадзяне Расеі.
Ці самі яны заўважылі, куды плывуць, ці атрымалі нейкія сігналы, невядома. Таксама не паведамляецца, ці пагражае экіпажу нейкае пакаранне.
АА belsat.eu