«Усе адмаўляюцца інвеставаць у Беларусь». Аднавіў сваю працу стартап-хаб «Імагуру», які выціснулі з Беларусі


Больш за 750 метраў агульнай плошчы, тры перагаворныя, каўоркінгі, канферэнц-зала для мерапрыемстваў на 100 чалавек і від з акна, падобны на менскія краявіды – так цяпер выглядае стартап-хаб «Імагуру», які адкрыўся ў Вільні. Афіцыйнае адкрыццё запланаванае на 13 кастрычніка, але ўжо цяпер «Імагуру» запусціў рэкламу і сустракае першых наведнікаў.

Вільня, Літва. 3 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

«Прыходзяць людзі, якія ў Менску ў нас працавалі ў каўоркінгу, а тут прыйшлі ў міграцыйную службу – і наша шыльдачка на вочы трапілася. Яны падняліся сюды, не ведаючы, што мы адкрытыя, і былі прыемна здзіўленыя, абяцалі прыйсці працаваць у каўоркінг. Для гэтага мы і існуем, каб аб’ядноўваць», – распавядае менеджарка Святлана.

«Нацэлены выводзіць на міжнародную арэну»

Офіс «Імагуру» ў Літве размясціўся ў адным будынку з міграцыйным дэпартаментам. На першым паверсе развязваюць пытанні міграцыі, на пятым – «Імагуру», у планах якога – абʼядноўваць беларускую бізнес-супольнасць.

«Уся дзейнасць «Імагуру» з моманту заснавання была нацэленая на тое, каб беларускія стартапы, у першую чаргу высокатэхналагічныя, маглі навучаць, развіваць, даваць ментарскую падтрымку і выводзіць на міжнародную арэну», – так вызначае дзейнасць праекту Аляксандр Кныровіч, дырэктар у справе міжнароднага развіцця.

Інтэрв’ю
Заторкнуць сабе рот – горш за турму: Кныровіч пра зняволенне, эміграцыю, сцяг і шанцы на перамены
2021.09.20 08:30

Некаторыя стартапы «Імагуру» сталі вядомыя на міжнароднай арэне (Splitmetrics, MSQRD, P ingFin, DEIP, TrackDuck), а агулам за 7 гадоў працы з дапамогай стартап-хабу было прыцягнута ў беларускі малады бізнес 100 мільёнаў долараў інвестыцыяў.

Сузаснавальніца «Імагуру» Таня Марыніч у 2020 годзе ўвайшла ў Каардынацыйную раду апазіцыі, да красавіка 2021 года з дапамогай «Імагуру» ладзіліся псіхалагічныя і юрыдычныя кансультацыі для пацярпелых ад гвалту з боку сілавікоў. А ў красавіку 2021-га з «Імагуру» не працягнулі дамовы арэнды на офісныя памяшканні, тым самым спаралізаваўшы працу пляцоўкі.

Праз паўгода пасля гэтых падзеяў стартап-хаб адкрыўся ў Вільні, а ў планах – адкрыццё пляцовак у Кіеве і Варшаве.

«І ў Менску, і тут мы адкрываліся ў сціслыя тэрміны, хацелі паспець да Тыдня прадпрымальніцтва, які праводзім кожны год у лістападзе. Сёлета Тыдзень прадпрымальніцтва пройдзе з 5 да 12 лістапада», – распавядае менеджарка Святлана.

Аляксандр Кныровіч, дырэктар у справе міжнароднага развіцця. Вільня, Літва. 3 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

Яна ў «Імагуру» працуе з адкрыцця, год таму пераехала ў Вільню і цяпер – ізноў у камандзе стартап-хабу. Большасць цяперашніх супрацоўнікаў у «Імагуру» засталіся з беларускага перыяду, планы і праекты таксама ў большасці не змяніліся.

«Мы б хацелі працягваць працаваць з IT-праектамі, але яшчэ і з культурнымі, з медычнымі. Хабы плануюцца ў тых месцах, дзе сёння сканцэнтраваныя рэлаканты. Мы цяпер на стадыі пошуку памяшканняў і супрацоўнікаў у Кіеве і Варшаве», – кажа Аляксандр Кныровіч.

«Гэта зусім іншы свет»

Мы размаўляем з Аляксандрам у самым вялікім памяшканні новага офісу. Тут яшчэ не ўсё да канца ўладкавана, часткова працягваецца рамонт. Але ўжо паспелі прайсці першыя сустрэчы.

Аляксандр Кныровіч – прадпрымальнік, інвестар і адзін з заснавальнікаў супольнасці «бізнес-анёлаў» і венчурных інвестараў БАВІН. Больш за 4 гады Аляксандр правёў у калоніі па абвінавачанні ў нявыплаце падаткаў. Сёлета 17 жніўня яго вызвалілі.

«Як вы?» – пытаюся падчас экскурсіі па офісе.

«Я? У мяне ўсё добра. Гэта, вядома, зусім іншы свет, яшчэ 45 дзён таму я хадзіў па калоніі, эмацыйна гэта зусім іншае асяроддзе, пра гэта таксама трэба будзе казаць».

Вільня, Літва. 3 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

А пакуль гаворым аб планах «Імагуру».

«У першую чаргу, мы накіраваныя на беларускі бізнес. Праграмы не змяніліся, але ж зʼявілася некалькі новых. На базе ЕГУ будзем ладзіць пробны курс для студэнтаў. Гэта для нас першая спроба, паглядзім, наколькі мы адпавядаем паняццю акадэмічных ведаў, бо наша дзейнасць больш практычная і мэтавая. Запланаваны 9-месячны навучальны курс па развіцці стартапу».

«Праз пару гадоў бізнес будзе згортвацца»

Плануе «Імагуру» супрацоўнічаць з бізнесам, які не толькі выехаў за межы Беларусі, але і застаўся там. Яшчэ ў жніўні сузаснавальніца стартап-хабу Таня Марыніч казала, што гэтая праца ідзе няпроста.

Але працягваць яе плануюць і далей.

«Я адтуль прыехаў зусім нядаўна і ведаю, што там засталася нармальная бізнес-супольнасць. Так, дэпрэсіўная, але ў астатнім нармальная. Кампаніі і адмыслоўцы, якія там застаюцца, яшчэ не разумеюць, што будзе далей, але і ў такіх умовах ім трэба весці навучанне, вырашаць класічныя бізнес-пытанні».

І калі навучальны курс можна купіць і онлайн, то з інвестыцыямі ў бізнес, які працуе на тэрыторыі Беларусі, – сурʼёзныя праблемы.

«Я гляджу на сваіх таварышаў-прадпрымальнікаў, і яны ўсе адмаўляюцца інвеставаць у Беларусь. Так, бізнес ёсць, яны працуюць, але не інвестуюць. Гэта азначае, што праз пару гадоў бізнес будзе згортвацца, бізнес без інвестыцый памірае».

Вільня, Літва. 3 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

І менавіта ў гэтым, як лічыць Аляксандр, адказ на пытанне: што Беларусь страціла, выціснуўшы такія актыўнасці, як «Імагуру».

«Зачыніце сёння калійны камбінат, і заўтра будзе зразумела, што страчана: канкрэтныя сумы грошай, падаткі ў бюджэце. А выціснуўшы такія арганізацыі, як «Імагуру», эфекту адразу не заўважыш. Паводле нашых даследаванняў каля 58 % стартапаў зʼехалі з краіны. І калі разумныя і развітыя людзі хочуць зʼехаць, гэта азначае, што ў краіны няма будучыні. Зусім не значыць, што яна сканае заўтра, але на працягу пяці гадоў наступствы будуць моцна заўважныя. Гэта як цяжкае захворванне, як рак, які можа быць доўга не заўважны, а потым ужо можа быць позна».

«Мы не дабрачынная арганізацыя»

Сёння дзейнасць «Імагуру» накіраваная на беларускі сегмент, але з асіміляцыяй беларускага бізнесу з мясцовым усё можа змяніцца. Агулам жа ў планах працаваць не толькі са стартапамі беларускага паходжання і не толькі з IT-сектарам.

«Мы б хацелі падтрымліваць праекты, накіраваныя на культурную супольнасць людзей, якія зʼехалі, сацыяльныя праекты, якія дапамагаюць адаптавацца. Але глядзім на гэта з боку бізнесу, мы не дабрачынная арганізацыя. Больш за тое, я думаю, што цяпер такіх дабрачынных арганізацыяў дастаткова: калі ў цябе ёсць прыстойны праект, ты знойдзеш таго, хто захоча спансараваць. Мы ж можам падзяліцца досведам, даць пляцоўку, працоўнае месца, навучыць весці праект, даць эксперта, які раскажа, што можна палепшыць», – дзеліцца планамі Кныровіч.

Вільня, Літва. 3 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

Пакуль у Беларусі працягваюцца рэпрэсіі і эміграцыя не толькі бізнес-супольнасці, але і звычайных грамадзянаў, «Імагуру» паспяхова ўладкоўваецца на новым месцы і запускае новыя праграмы ў дадатак да тых, што сем гадоў карысталіся попытам у Беларусі. У ліпені беларускі стартап-хаб стаў партнёрам «Google for Startups», а гэта дае доступ да фінансаў і талентаў, а таксама супрацы з ментарамі і інвестарамі еўрапейскага ўзроўню.

Hавiны
«Зборышча суцэльных крымінальнікаў». Хто робіць праект «Malanka Media»
2021.08.21 08:30

Алена Дубовік belsat.eu

Стужка навінаў