Як правесці выходныя: 7 актыўных наземных відаў адпачынку, якімі варта заняцца ў Беларусі


Лета – той перыяд года, калі варта як мага часцей выбірацца на прыроду і менш сядзець у хаце, бо арганізаваць такі адпачынак можна і самастойна. Асабліва калі ў цяперашніх абставінах паехаць на адпачынак у іншую краіну каштуе немалых выдаткаў або наогул не ўяўляецца магчымым, а ў Беларусі дакладна ёсць што паглядзець і чым заняцца. Мы сабралі для вас 7 відаў наземнага актыўнага адпачынку, які можна арганізаваць як аднаму, так і ў кампаніі.

  • Экасцежкі

Экасцежка – гэта пераважна пешы маршрут у некалькі кіламетраў сярод некранутых чалавекам месцаў з першабытнай прыродай. Экасцежкі пракладваюцца так, каб сабраць у адным маршруце ўсе самыя прывабныя прыродныя аб’екты: маляўнічыя краявіды, стогадовыя і незвычайныя дрэвы ды расліны, разнастайныя прыродныя ландшафты праз крыніцы або сажалкі. Звычайна маршрут спланаваны так, каб нанесці найменшую шкоду мясцоваму асяроддзю, таму сцежка абыходзіць бокам тыя месцы, дзе сустракаюцца рэдкія віды раслінаў і жывёлаў, занесеных у «Чырвоную кнігу», каб не турбаваць іх. Але верагоднасць сустрэць на шляху жывёлаў застаецца высокай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Найвышэйшы пункт маршруту экалагічнай сцежкі «Блакітныя азёры» – 220 м над узроўнем Балтыйскага мора.
Фота: golubyeozerabelarus.by

Трэба адзначыць, што не варта сыходзіць з маршруту экасцежкі, так як іх пракладваюць выключна з улікам найменшага ўздзеяння чалавека на навакольнае асяроддзе. Таксама не варта зрываць любыя расліны і кветкі на маршруце.

Усяго ў Беларусі маецца больш за 70 экалагічных сцежак і маршрутаў у запаведніках і заказніках. Найбольш папулярныя з экасцежак – гэта «Блакітныя азёры» і «Святыя крыніцы», але маецца больш пашыраны спіс.

  • Бердвотчынг

Бердвотчынг – гэта назіранне за птушкамі ў іх натуральным асяроддзі, як хобі ці проста для задавальнення. Гэта адно з найбольш папулярных у Паўночнай Амерыцы і Заходняй Еўропе захапленняў.

Пачаць можна з назірання за птушкамі свайго падвор’я, а пазней выбірацца ў ціхія паркі без натоўпу людзей і атракцыёнаў ды аддаленыя ад горада мясціны, дзе разнастайнасць птушак будзе пашырацца. Так, у Менску цягам года можна назіраць каля 200 відаў птушак, у сталіцы для гэтага лепш за ўсё падыходзіць Лошыцкі парк, заказнік Лябяжы, вадасховішча Дразды (мапа месцаў для бердвотчынга ў Менску). Аднак найбольш відаў можна ўбачыць падчас падарожжаў па балотах, лясах ды палях Беларусі, таму для гэтага занятку лепш за ўсё выбірацца з горада на прыроду. Таксама ў Беларусі можна ўбачыць птушак, якія рэдкія ці ўвогуле не сустракаюцца ў еўрапейскіх краінах – такіх відаў каля 20. Усяго ж у нашай краіне налічваецца 325 відаў птушак.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сойка сядзіць на галінцы (птушка адносіцца да сямейства Крумкачовыя атрада Вераб’інападобныя).
Фота: Белсат

Лепш за ўсё назіраць за птушкамі ад другой паловы красавіка да першай паловы чэрвеня, калі яны актыўна спяваюць, альбо падчас міграцыі: канец жніўня – верасень.

Таксама аматары бердвотчара ладзяць спаборніцтвы: хто ўбачыць найбольш відаў птушак у цэлым ці за вызначаны прамежак часу. Раней ліквідаваная ў 2021 годзе арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» нават ладзіла ў Менску школу для бердвотчараў.

  • Роварныя маршруты

Ровары ў Беларусі становяцца ўсё больш папулярнымі, а разам з гэтым развіваюцца роварныя шляхі ды новыя маршруты. Яны могуць праходзіць як па дарогах агульнага карыстання, так і лясных шляхах ды сцежках. Так як ровар – гэта экалагічны від транспарту, найбольш маляўнічыя роварныя маршруты прапануюць Нацыянальныя паркі і заказнікі.

У нацыянальным парку «Белавежская пушча» можна ўзяць ровар напракат і вывучыць мясцовыя прыродныя ландшафты. Там прапануецца пяць роварных маршрутаў рознай працягласці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры» таксама прапануе арэнду ровараў і 7 маршрутаў для іх. Самы просты і кароткі называецца «Сцежка» і складае ўсяго 2,5 км – для пачаткоўцаў. Найдаўжэйшы – «Вакол азёр» – складае 110 км.

У Бярэзінскім біясферным запаведніку арганізаваны чатырохгадзінны маршрут «Сяргуцкі канал» і двухдзённы маршрут «Экатурызм на колах» працягласцю ў 70 км. Нацыянальны парк «Нарачанскі» прапануе маршрут па культурных ландшафтах «Дарогамі Міжазер’я». Каля Аўгустоўскага канала маюцца чатыры маршруты рознай працягласці. Таксама можна праехаць па маркіраваным маршруце «Крэйдавыя горы» у Горадні, які праходзіць па лесапарку Пышкі.

  • Плогінг

Плогінг – гэта міжнародная экалагічная ініцыятыва, якая ўяўляе сабой спалучэнне бегу трушком з прыбіраннем смецця. Рух пачаўся ў Швецыі прыкладна ў 2016 годзе і распаўсюдзіўся на іншыя краіны ў 2018 годзе з-за росту заклапочанасці з нагоды забруджвання пластыкам. Такі від дзейнасці можа сысці за паўнавартаснае трэнаванне, так як задзейнічае рух усяго цела – дадае да бегу або хады згінанне і прысяданне. У Беларусі арганізаваная супольнасць групавых забегаў, але актывісты плогінга таксама заклікаюць выходзіць на індывідуальныя прабежкі або ў кампаніі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Плогінг у Беларусі.
Фота: plogging.belarus / Instagram
  • Вяровачны парк

Вяровачны парк – гэта комплекс атракцыёнаў з паласой перашкод, якія звычайна размешчаны на вышыні больш за два метры ў лесе або вялікім парку. Вяровачны парк мае маршруты рознага ўзроўню складанасці, таму такі занятак падыходзіць як дарослым, так і дзецям. Па сутнасці гэта маршрут з перашкодамі, дзе можна адчуць сябе альпіністам ды скалалазам, праверыць ўласныя раўнавагу і канцэнтрацыю. Пры гэтым у абавязковым парадку павінен выкарыстоўвацца страхавы рэмень на выпадак падзення з вышыні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

У апошні час такі від актыўнасці хутка развіваецца і ўжо адкрыты дзясяткі вяровачных паркаў. Вось спіс асноўных з іх.

  • Катанне на квадрацыклах і багах

Такі від актыўнага адпачынку ацэняць аматары экстрыму. Звычайна катанне на квадрацыклах або багах (невялікі лёгкі аўтамабіль, які нагадвае гольфкар) арганізоўваюць па бездарожжы ў лясах на перасечанай мясцовасці, дзе ўключаюць спускі ды пад’ёмы – так маршрут атрымліваецца больш цікавым і захапляльным. Лясныя сцежкі створаны для тых, хто ўжо мае нейкі досвед кіравання квадрацыклам, але таксама арганізатары могуць прапанаваць і нескладаныя маршруты па прасцейшых трасах. Звычайна пры пракаце квадрацыкла ў якасці кіроўцы неабходна мець правы кіроўцы, але ў якасці пасажыраў могуць быць і дзеці. Спіс месцаў, дзе можна арганізаваць тур на квадрацыклах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik
  • Паход з палаткай

Паход на прыроду з палаткай – бадай, адзін з найбольш папулярных спосабаў адпачынку на прыродзе ў Беларусі, бо ставіць палатку можна практычна паўсюль, чаго нельга сказаць пра еўрапейскія краіны. Можна выбраць як пешы паход на выходныя, так і проста выезд у маляўнічае месца, звычайна каля вады. Таксама ў Беларусі для гэтага існуюць адмыслова адведзеныя месцы – кемпінгі, – дзе прапануюць розныя опцыі, маюцца санітарныя ўмовы і супрацоўнікі, якія даглядаюць тэрыторыю. Вось спіс такіх месцаў пад Менскам і па Беларусі, ды парады, як правільна сабрацца ў паход.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik
Агляд
Дзе адпачыць на вадзе: 7 відаў актыўнасцяў, якімі варта заняцца ў Беларусі
2023.07.30 12:21

Алена Рувіна / Авер belsat.eu

Стужка навінаў