«Беларускі Гаюн»: з Беларусі адлятаюць расейскія знішчальнікі і верталёты


Паводле маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», у суботу 5 жніўня з Беларусі адляцелі 9 расейскіх знішчальнікаў і 11 верталётаў.

Знішчальнік Су-34.
Фота: 24tv.ua

Каля 13:30 з аэрадрому ў Баранавічах узляцелі 9 знішчальнікаў Су-34 і Су-30СМ паветрана-касмічных сілаў Расейскай Федэрацыі. Самалёты ляцелі праз Магілёўскую вобласць і далей мінулі мяжу Беларусі з Расеяй.

Большая частка гэтых знішчальнікаў заставалася на тэрыторыі нашай краіны з 15 студзеня 2023 года – 202 дні, зазначае «Беларускі Гаюн».

Маршрут руху расейскай авіятэхнікі 5 жніўня 2023 года. Крыніца: Беларускі Гаюн/Telegram

Каля 14:00 з Мачулішчаў пайшоў на ўзлёт верталёт Мі-24, імаверна, апошні з авіяцыйнай групоўкі ПКС РФ, які быў у Мачулішчах. Падобна, верталёт паляцеў на расейскі аэрадром у Сешчы.

Агулам за суботу 5 жніўня з аэрадрому ў Мачулішчах у РФ адляцелі 11 верталётаў Мі-8 і Мі-24 ПКС РФ. Большая іх частка заставалася ў Беларусі з 8 студзеня 2023 года – 209 дзён. За час перабывання групы верталётаў была страчаная адна адзінка тэхнікі: у чэрвені каля Івацэвічаў разбіўся верталёт Мі-24.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў