У Менску адбыліся затрыманні пасля канцэрту на Зыбіцкай. Верагодна, з-за песні ў падтрымку Украіны


Увечары 3 жніўня на тэрасе бара «Банки-Бутылки» на вуліцы Зыбіцкай у Менску прайшоў вулічны канцэрт менскай спявачкі Мэрыем Герасіменка. Падчас канцэрту яна выканала песню ўкраінскага гурта «Океан Ельзи» – «Обіймі». За гэта на яе абурыліся прапагандысты, назваўшы канцэрт «бчбшным шабашам».

Крыніца: nashaniva.com

Прапагандыстаў абурыла і тое, што спявачка была апранутая ў белую майку з чырвоным сэрцам.

Пасля такой «крытыкі» Мэрыем перастала з’яўляцца ў сацсетках. Таксама перастаў выходзіць на сувязь кіраўнік бару «Банки-Бутылки» Андрэй Жук, паведамляла «Наша Ніва».

Як стала вядома пазней, кіраўнік бару Андрэй Жук і яшчэ адзін новы супрацоўнік, арыштаваныя, імаверна, за непадпарадкаванне. Верагодна, што сёння над імі адбыўся суд. Спявачку Мерыем Герасіменка адпусцілі да суда, які прайдзе ў панядзелак. Ні яна, ні яе калегі, ні тэлефоны яе студыі вакалу не адказваюць на званкі.

Даведка
Увечары 5 жніўня «Наша Ніва» паведаміла, што Андрэя Жука пакаралі 30 соднямі арышту. Па словах калегі, яго судзілі адразу па двух артыкулах КаАП: 24.3 («Непадпарадкаванне міліцыі») і «за перасылку чагосьці апазіцыйнага» (гаворка, хутчэй за ўсё, ідзе пра артыкул 19.11 – распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Разам з ім у судзе Цэнтральнага раёна разгледзелі справу супраць яшчэ аднаго супрацоўніка бара: хлопцу прызначылі 14 содняў арышту.

 

Таксама ў бар «Банки-Бутылки» учора, 4 жніўня, прыйшлі ўсе магчымыя службы – санэпід, МНС і міліцыя.

«Спачатку зайшлі прадстаўнікі санітарна-эпідэміялагічнай службы, пасля МНС, а потым – супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС. Сабралі ўсіх супрацоўнікаў на апытанне, цікавіліся канцэртам, у асноўным, ці разумелі мы, якога артыста запрашаем. Забралі нашага кіраўніка і яшчэ аднаго новага супрацоўніка. Наколькі мы ведаем, сёння іх будуць судзіць», – распавёў адзін з супрацоўнікаў бару.

Сам бар пакуль зачынены і не працуе.

Гэта не першы канцэрт спявачкі Мэрыем у гэтым бары сёлета, таксама яна выступала ў ім і ў мінулым годзе.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў