«Акрэсцінскі вальс». Выхад кліпу Кацярыны Ваданосавай прымеркаваны да другой гадавіны пратэстаў


Самая песня была гатовая ўвосень 2020 года, звесці яе атрымалася праз год ужо ў Літве, а яшчэ праз год – цяпер – выпусціць кліп. Яго прэм’ера  адбудзецца 9 жніўня на «Белсаце».

Аўтарка песні Кацярына Ваданосава распавяла, што сам тэкст і музыка нарадзіліся ў час, калі маршы ў Беларусі перарасталі ў баталіі. Аднак на сёння песня засталася актуальнай.

«Калі пачалася вайна ва Украіне, мне падавалася, што сэнсу ў песні ўжо няма. Цяпер, калі ўсё, і ў тым ліку вайна, як бы ні страшна гэта было, перарастае ў нашую штодзённую рэчаіснасць, на паверхню выплывае тое, што дагэтуль застаецца балючым для беларусаў. Мы перажылі боль пачатку вайны і цяпер міксуем яго з тым старым болем», – разважае аўтарка.

Агульная ідэя кліпу – як бы ні тапталі беларусаў і беларускую незалежнасць, як бы ні садзілі за краты, як бы ні забівалі – яна ўсё роўна застаецца жывой і яна пераможа. Кожны беларус, дзе бы ён ні быў, малым крокам, лістом, словам падтрымання, надпісам – набліжае гэтую перамогу і разбурае краты.

Здымала цэлая каманда, а самой Кацярыне засталося толькі выконваць песню. Для яе гэткая роля падавалася напачатку замалой:

«Нават сцэнар пісала не я. Калі я пачула, якой будзе задума кліпу, мне было крыўдна, бо, па сутнасці, я ў сваім кліпе на другасных ролях. Але калі прайшла гэтая хвілінка крыўды, я зразумела, што гэта вельмі ўдалы крок і вялікі сэнс. Чыста функцыйна я б не змагла зграць тую ролю, якую напісаў рэжысёр».

Hавiны
«Ампутацыі грудзі аказалася недастаткова». Кацярыне Ваданосавай будуць рабіць яшчэ адну аперацыю
2022.07.14 18:17

Ваданосаву вельмі ўсцешыла, што галоўная роля ў кліпе была жаночая, бо выканаўца галоўнай ролі Крысціна Дробыш здолела ўвасобіць менавіта той вобраз, што адпавядае адчуванню Кацярыны ў 2020-м.

Кліп складаецца з некалькіх мастацкіх лініяў, аб‘яднаных паралельным мантажом. Першая – лінія Каці – вакальная і сімвалічная. Кацярына Ваданосава ў белым спявае песню ў цеснай клетцы, такой, у якой судзяць Аўтуховіча. Клетка стаіць сярод свабоднага прыгожага поля пад шырокім небам. Яна спрабуе раскінуць рукі скрозь краты. Чыясь змучаная рука перадае ёй папяровы самалёцік, складзены ў ліст да палітвязня. Гэты самалёцік разбурае краты – і Каця апынаецца на вольнай прасторы.

Бэкстэйдж з запісу кліпа «Акрэсцінскі вальс» Кацярыны Ваданосавай прымеркаваны да другой гадавіны пратэстаў.
Фота: Ігар Палынскі

Другая – лінія Крысціны. Крысціна Дробыш у чорным вырываецца з чорных рук і бяжыць па ўзараным полі, бруднай дарозе. Гэта цяжкі, зацяты бег, галіны б’юць па твары, яна азіраецца, падае, узнімаецца і зноўку бяжыць, яе збіваюць з ног, спрабуюць схапіць, яна адбіваецца і працягвае бег. Яна бачыць вогнішча, дзе скурчваюцца лісты палітвязняў, і выхоплівае адзін з іх. Пасля мы бачым ейную руку і самалёцік з гэтага ліста, які яна перадае праз краты і бяжыць далей. Рука паступова слабее і падае.

Крысціна пагадзілася ўдзельнічаць у кліпе, нават не ведаючы, што там будзе, а калі атрымала раскадроўку, дык троху спужалася. Яна распавяла, што здыманне былі даволі цяжкое, у пэўны момант яна перастала адрозніваць сінякі, якія зрабіла ёй грымёрка, ад сапраўдных:

«Колькі там дзён прайшло, я дагэтуль у сіняках. Вядома ж, было складана. Мне давялося шмат бегаць, як і ў 2020 годзе. Мяне тапталі берцамі, даганялі, пэцкалі брудам і ўсё астатняе. Гэта цяжка і фізічна, і маральна. Гэта рабілі людзі ў чорным. Нават калі ты ведаеш, хто пад гэтымі маскамі, што гэта ўсё не напраўду, усё адно страшна.

Як бы ты ні адключалася, як бы ты ні распавядала сабе, што мінула два гады, усё адно твае мазгі моцна трыгерыць».

Бэкстэйдж з запісу кліпа «Акрэсцінскі вальс» Кацярыны Ваданосавай прымеркаваны да другой гадавіны пратэстаў.
Фота: Ігар Палынскі

Праз нагрузку падчас здымкаў Крысціна заснула нават на самой пляцоўцы, калі справа была ўжо скончаная. Яна прызнаецца, што баіцца глядзець гатовы кліп.

«Мне саму сябе ацэньваць складана. Бо гэта робіцца для гледачоў. То ўжо буду сядзець, чакаць, што там скажуць і напішуць», – прызнаецца акторка.

Трэцяя лінія ў кліпе – лінія лістоў. Людзі пішуць лісты палітвязням. Дзіцячыя рукі, жаночыя рукі, мужчынскія, з манікюрам і без, хуткі мантаж. Чорныя рукі злосна, люта рвуць канверты і лісты. Чорныя рукі вытрасаюць мех з парванымі лістамі на зямлю, абліваюць вадкасцю, падпальваюць.

Бэкстэйдж з запісу кліпа «Акрэсцінскі вальс» Кацярыны Ваданосавай прымеркаваны да другой гадавіны пратэстаў.
Фота: Ігар Палынскі

Ваданосава адзначыла, што рэжысёру Іллю Бажко ўдалося вельмі трапна перадаць тыя вобразы, што мела спявачка на думцы, калі стварала песню.

Марыя Мурашка belsat.eu

Стужка навінаў