Кіберпартызаны злілі асабістыя звесткі баевікоў групы Вагнэра, якіх затрымлівалі ў Беларусі ў 2020-м


Беларускія кіберпартызаны рассакрэцілі асабістыя звесткі 33 баевікоў расейскай ПВК Вагнэра, якіх затрымалі ў санаторыі «Беларусачка» пад Менскам напрыканцы ліпеня 2020 года. Інфармацыя публікуецца на «Чорнай мапе Беларусі».

Кіберпартызаны ўдакладняюць, што здабылі асабістыя дадзеныя ваенных злачынцаў, у тым ліку фотаздымкі і звесткі аб мінанні мяжы з Беларуссю, дзякуючы ўзлому сістэмаў «АІС Пасажырапаток» і «АІС Пашпарт».

Паводле злітай інфармацыі, 33 баевікі так званай прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра – грамадзяне Расейскай Федэрацыі ў веку ад 27 да 47 гадоў. Яны былі затрыманыя ў Беларусі 29 ліпеня 2020 года.

Аляксандр Лукашэнка ў дзень затрымання абвінаваціў Расею ў «брудных намерах» напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Расея зняпраўдзіла інфармацыю аб «намерах» і заявіла, што «байцы» перабывалі ў Менску транзітам, бо спазніліся на самалёт у Стамбул. 31 ліпеня Генпракурор Украіны папрасіў Беларусь аб выдачы затрыманых «вагнэраўцаў», падазраваных ва Украіне ў злачынствах на тэрыторыі Данбасу.

14 жніўня 2020 года баевікі вярнуліся ў Расею. Затрыманнем «вагнэраўцаў» у Беларусі была сарваная сакрэтная аперацыя, якую рыхтавалі спецслужбы Украіны. Гэтай аперацыі было прысвечанае гучнае расследаванне выдання «Bellingcat», якія карысталіся ў тым ліку звесткамі кіберпартызанаў.

Аналітыка
Найміты ХХІ стагоддзя: як ваююць прыватныя вайсковыя кампаніі
2022.03.22 20:14

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў