«Я радая пакінуць сцены палону і рабства»: работніца БМЗ звольнілася на знак пратэсту супраць непадаўжэння кантракту з ейным начальнікам


40-гадовая Святлана Зыль, кладаўшчыца Беларускага металургічнага заводу, напісала заяву аб звальненні. Два месяцы таму ейнаму начальніку Канстанціну Раманенку не падоўжылі кантракту з палітычных матываў. На знак пратэсту і салідарнасці Святлана ў той жа дзень напісала заяву і сёння забрала сваю працоўную кніжку.

Аб прычынах свайго ўчынку яна напісала ўласнаручна:

«Сённяшні панядзелак стаўся для мяне глытком свежага паветра. Я працаўніца Беларускага металургічнага заводу, і ў мяне сёння апошні працоўны дзень. Заводу я прысвяціла амаль 6 гадоў свайго жыцця. Працавала кладаўшчыцаю, дарасла ў ЦРАМЦ (цэх для рамонту абсталявання метызных цэхаў) да 5-га разраду. А гэта, паверце, было ох як няпроста. За гэтыя гады ніякіх нараканняў і заўваг да працы не атрымлівала. Бо не шкадавала сіл і ўсё рабіла сумленна. Бо працу сваю я сапраўды любіла. Калісьці ўладкавацца сюды было маёй марай. І яна спраўдзілася. Я любіла калег і кіраўніцтва, як бы гэта для некаторых дзіўна ні гучала.

Святлана Зыль, фота для рэдакцыі

Але, на жаль, гэтая ідылія ўмомант знікла. Падзеі, якія цяпер адбываюцца ў нашай краіне, прымусілі мяне змяніць сваё меркаванне пра многіх калег і, вядома ж, пра начальнікаў цэхаў ды адміністрацыі заводу. Майму беспасярэдняму кіраўніку Канстанціну Раманенку не падоўжылі кантракту праз ягоную грамадзянскую пазіцыю. Такіх выпадкаў у нас на заводзе становіцца ўсё больш.

Я бачыла, што звальняюць годных людзей, кваліфікаваных работнікаў, не падаўжаюць кантрактаў тым, хто быў заўважаны ў якім-небудзь руху. Уся гэтая сітуацыя выклікала ў мяне пачуццё болю і крыўды за людзей. І я не магу больш глядзець, як несправядліва звальняюць і зневажаюць наш народ.

Таму я пастанавіла сысці на знак салідарнасці са сваім начальнікам. Самае страшнае для мяне – гэта тое, што кіраўніцтва БМЗ здзяйсняе гэтыя дзеянні, абсалютна спакойна гледзячы ў вочы іншым рабочым і робячы выгляд, што нічога не адбываецца.

Начальнік майго цэху Ткачоў А. В., нам. пач. цэха Негру А. С., прафкам Котаў А. А., начальнік ідэалагічнага аддзелу Малабіцкі А. А. і іншыя кіраўнікі – усе гэтыя людзі не цэняць сваіх спецыялістаў і ніколі не спрабавалі ім дапамагчы. Такое адчуванне, што ў іх няма душы і сэрца. Можа, яны з іншага свету?

Сутыкаючіся з імі ў працы, у іхных цьмяных вачах я бачыла пустэчу. Ведаеце, калі чалавек шчаслівы, ягоныя вочы блішчаць, яны поўныя жыцця. А ў гэтых вачах – страх і нейкая асцярога. Гэтыя людзі рэальна далёкія ад сапраўднага шчасця. Я не ведаю і не разумею: як яны спяць? Як яны жывуць? Пра што яны думаюць? Ці ёсць у іх мары? Ці ёсць у іх чалавечая годнасць? Ці ёсць у іх сваё меркаванне? Як яны атрымліваюць заробак?

Фота для рэдакцыі

Бо дарога, высланая грашыма звольненых людзей, ніколі не прынясе ім шчасця. Бо ў кожнага з іх ёсць дзеці, жонкі, родныя і блізкія. Няўжо ім ніколі іхныя родныя не казалі пра гэта? Няма ў мяне павагі да такіх людзей. На чужым няшчасці сваё шчасце не пабудуеш. Таўро, якое яны сабе паставілі, не змыць ніколі.

Ні адзін дасведчаны і разумны кіраўнік не будзе знішчаць свайго прадпрыемства, звальняючы кваліфікаваных адмыслоўцаў. Я адношу сябе да катэгорыі людзей, у якіх ёсць гонар, годнасць і сумленнасць.

Сённяшні панядзелак стаўся для мяне свабодным і чыстым. Бо немагчыма працаваць і жыць сярод людзей, у якіх не засталося нічога чалавечага. Я вельмі радая, што пакідаю сцены палону і рабства. І цяпер я буду рабіць тое, што прыносіць мне задавальненне, а гэта і ёсць быць свабодным! Маё сумленне чыстае, і гэта выдатна!»

Усяго са жніўня мінулага года з БМЗ былі звольненыя каля 40 чалавек: хтосьці далучыўся да агульнанацыянальнай забастоўкі, з кімсьці не падоўжылі кантракту, кагосьці звольнілі пасля адміністратыўнага арышту. Аляксандр Гоман, Яўген Баброў і Ігар Повараў былі асуджаныя да розных тэрмінаў калоніі за спробу арганізаваць страйк на прадпрыемстве 17 жніўня 2020 года.

Святлане Зыль, у якой сын-падлетак, а ў мужа нядаўна дыягнаставалі анкалагічную хваробу, цяпер патрэбная дапамога. Падтрымаць сям’ю можна, перавёўшы грошы на карту: 4255 1901 2900 5164, Sviatlana Zyl, тэрмін дзеяння 08/23.

Ганна Кавальчук, фота з архіву Святланы Зыль/АА belsat.eu

Стужка навінаў