Генпракурор Андрэй Швед хоча спагнаць з жыхаркі Бараўлян 10 тысяч рублёў за паклёп


У Менскім раённым судзе 5 ліпеня прайшло паседжанне па крымінальнай справе 47-гадовай жыхаркі Бараўлян Наталлі Красько. Жанчыну вінавацяць у паклёпе на Генеральнага пракурора Беларусі Андрэя Шведа, паведамляе ПЦ «Вясна».

Андрэй Швед.
Фота: Vladimir Nikolsky / Reuters / Forum

Згодна з матэрыяламі справы Красько ў публічным чаце «Кулуары KYKY», пад пастом аб узмацненні адказнасці за экстрэмізм 1 лютага напісала, што генеральны пракурор – злачынец. Нібыта гэтым самым распаўсюдзіла несапраўдныя звесткі.

Жанчыну неўзабаве затрымалі, а ў кватэры правялі ператрус, які, па словах жанчыны, адбываўся з парушэннямі. На кватэры шукалі «стужачкі, сэрцайкі, кветачкі».

Наталля віну часткова прызнала, і пацвердзіла, што фраза напісана асабіста ёй і можа ганьбіць гонар, але не прызнае, што гэта – паклёп. Таксама жанчына патлумачыла, што каментар быў рэакцыяй на рэзанансную справу.

На пытанне суддзі Антона Колабава: ці былі намеры распаўсюдзіць непраўдзівыя звесткі, жанчына адкала, што не, і пацвердзіла словы суддзі, што дала эмацыйную ацэнку. Таксама жанчына адзначыла, што не адносіла фразу асабіста да Андрэя Шведа, а да пасады, паколькі лічыць, што Швед не павінен ствараць законы.

Сам пацярпелы Швед у суд не з’явіўся з прычыны службовай занятасці. Ён ацаніў памер прычыненай маральнай шкоды ў 10 000 рублёў і папрасіў пералічыць грошы ў школу-інтэрнат.

Наталля заявіла, што не ўпэўненая, што па працэдуры можна пералічыць грошы не самому пацярпеламу і лічыць памер шкоды неадпаведным здзейсненаму.

У выніку пракурор папрасіў суддзю прызнаць яе вінаватай і прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін два гады. Акрамя гэтага неабходна задаволіць пазоў пацярпелага, у сувязі з чым пакінуць маёмасць пад арыштам.

Прысуд па справе будзе абвешчаны 6 ліпеня а 9:05.

Артыкулы
Віцябляніна асудзілі на 2,5 года «хіміі» за абразу чыноўніка ў каментарах
2021.07.05 15:15

АД, belsat.eu

Стужка навінаў