Апякунка палітвязня: Мы ніколі не бачыліся, але цяпер мы блізкія людзі


Ганна абрала на сайце dissidentby.com незнаёмага чалавека і цяпер трымае кантакт з ягонаю маці, носіць перадачы і лістуецца. Мы распыталі, чаму яна так робіць і наколькі складана дапамагаць выпадковай асобе.

«Я хадзіла на суды да Сашы Патрасаевай і думала стаць ейнай ахоўніцай, на пастаяннай аснове нешта для яе рабіць, грошы збіраць ці рэчы перадаваць ёй. У мяне не шмат рэсурсаў, але я вырашыла так яе падтрымаць. Але калі я націснула на сайце кнопку і даслала сваю інфармацыю, са мною звязаліся і сказалі, што ў Сашы ўсё ёсць, ёй дапамагаюць, і прапанавалі мне абраць некага іншага», – распавяла Ганна.

Hавiны
21-гадовую дзяўчыну збілі на Акрэсціна, а пазней асудзілі на «хатнюю хімію»
2021.04.07 16:01

Ганне запрапанавалі апекавацца Аляксандрам Рэзнікам, пра якога яна раней нават не чула. Але Ганна пастанавіла, што няма розніцы, каму дапамагаць:

«Мяне звязалі з ягонаю матуляй. Мы абмеркавалі, якія ў яго патрэбы. Патрэбаў было больш, чым маіх рэсурсаў, таму я акрэсліла, што магу сабе дазволіць. І мы дамовіліся, што я буду ў аўторкі насіць перадачы, бо ягоныя сваякі ў будні працуюць».

Ужо некалькі месяцаў у Ганны своеасаблівы рытуал: у панядзелкі яна набывае неабходнае, а ў аўторак ідзе ў СІЗА на Валадарскага.

Аляксандра Рэзніка затрымалі 29 верасня ў Менску. Яму выставілі абвінавачанне ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу).
Фота: spring96.org

«Першы раз было вельмі ўзрушальна. Я нават папрасіла сяброўку са мною з’ездзіць. А там аказалася ўсё даволі проста. Я чакала грубага абыходжання, але аказалася, што там даволі прыемныя жанчыны. Адна мне дапамагала і намагалася пару словаў па-беларуску сказаць. Гэта мяне ўсцешыла. Але ў гэтай каморцы на Валадарцы ўсё адно маральна даволі цяжка», – згадвае апякунка.

Цяпер Ганна ў ад’ездзе, але мае на думцы працягнуць падтрымліваць Аляксандра, калі вернецца:

«Мы з ягонай маці ў кантакце. Мы і з Сашам сталі ліставацца таксама. І гэта адзінае ліставанне, якое атрымліваецца. Не тое каб лістоў шмат, але з першага паслання ўсё даходзіла. Што мяне насамрэч здзіўляе, бо рэдка такое бывае».

У хуткім часе ў Аляксандра будзе суд, і Ганна мяркуе, што калі ён застаецца ў Менску, то яна працягне збіраць яму перадачы. Яна адзначыла, што знаёмства з маці палітычнага вязня было вельмі кранальным:

«Яна вельмі сціплая жанчына і была дужа ўдзячная за тое, што я, незнаёмы чалавек, падтрымліваю ейнага сына. Яна вельмі ўзрушылася, калі даведалася, што я раблю гэта за свае грошы. Можа, яна думала, што я гэта раблю ад нейкай ініцыятывы, якая збірае дапамогу палітвязням. І я адчула, што ёй вельмі важна не толькі, што гэта фінансавая палёгка, але і таму, што ёсць такая вонкавая падтрымка, што яна не адна ў сваім цяжкім становішчы. Сем’ям зняволеных трэба гэта ведаць».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жодзіна, Беларусь. 19 сакавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Аляксандр у лістах да Ганны таксама вельмі дзівіўся, што яна збірае яму перадачы за свой кошт. Аднак для апякункі нават не стаіць пытання, ці дапамагаць такім чынам:

«У мяне бюджэт вельмі абмежаваны і даволі малы заробак. Але мне вельмі важна дапамагаць. І лепей я не набуду сабе нейкага глупства, але падтрымаю Сашу. На тыдзень у мяне сыходзіць недзе 30–50 рублёў. Для мяне гэта сур’ёзная сума. Але ў цяперашняй сітуацыі, калі ў нас вельмі мала прасторы для дзеянняў, то падтрымка зняволеных і іхных сем’яў – адно з самых важных дзеянняў. Бо гэтыя людзі будуць сядзець яшчэ некаторы час, можа, і доўгі час. І нам трэба дапамагчы ім і іхным сем’ям захаваць сябе, не расчаравацца. Бо расчараванне – адна з найгоршых рэчаў. Гэта будзе значыць, што мы прайгралі, а гэтага нельга дапусціць».

З часам камунікацыя ў Аляксандра і Ганны перайшла з агульных тэмаў на больш асабістыя. Яна распавядае пра сваю аўташколу і вершы, ён – пра свой досвед кіроўцы, бацькоў, сям’ю.

«Ён заўжды вельмі пазітыўны і нават падтрымлівае мяне, хаця гэта ён зняволены і я намагаюся яго падтрымліваць. Нейкія беларускія слоўцы вычэплівае ў мяне, хаця сам піша па-расейску», – падзялілася апякунка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 2 чэрвеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

У ліставанні палітычны вязень абяцаў, выйшаўшы на волю, таксама зрабіць Ганне нешта прыемнае і істотнае. Яна ж мяркуе, што ў іх усталяваліся надзвычайныя стасункі:

«Я адчула, што ў мяне нібы з’явіўся новы сваяк. І гэта як частка ўнутранага сталення, калі ты бярэш адказнасць за іншага чалавека не тады, калі табе самому проста і лёгка, а калі ты і сам нечым ахвяруеш. Вядома, я б хацела з ім сустрэцца калі-небудзь. Мы ніколі не бачылі адно аднаго, але цяпер мы сталі блізкімі людзьмі. Нават калі потым, у ягоным вольным жыцці мы не будзем шчыльна сябраваць, то гэтая блізасць усё адно застанецца з намі».

  • На дзень 5 ліпеня ў Беларусі праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі 529 асобаў.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў