Праваабаронца дапамог з дровамі вясковай сям’і, а следства палічыла гэта «арганізацыяй пратэстаў»


Праваабаронца Леанід Судаленка распавёў у лісце сяброўцы, што яму выставілі канчатковае абвінавачанне і ён цяпер знаёміцца з матэрыяламі справы. Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода».

У лісце, датаваным 31 траўня, ён паведаміў, што з пачатку чэрвеня пачынае знаёміцца з матэрыяламі справы. Канчатковае абвінавачанне яму выставілі 28 траўня, па частках 1 і 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і фінансаванне масавых беспарадкаў»).

«Памятаеш, як я ўзімку дапамог дровамі вясковай шматдзетнай сям’і? Следства гэта палічыла арганізацыяй пратэстаў. Таму што потым, у лютым, іх тата быў асуджаны за ўдзел у пратэстах», – піша з турмы праваабаронца.

Сапраўды, узімку Леанід Судаленка размясціў у сваім Facebook допіс, дзе прасіў неабыякавых людзей дапамагчы вяскоўцам набыць дровы, бо іначай шматдзетную сям’ю паставілі б у «сацыяльна-небяспечнае становішча». Пазней галаву сямʼі асудзілі нібыта за ўдзел у масавых беспарадках.

«Арганізацыяй масавых беспарадкаў» следства палічыла і допіс праваабаронцы ў Facebook з прапановай сустрэць з ізалятара часовага ўтрымання жыхарку Гомля. «Гэта значыць, што я арганізаваў натоўп і хацеў яго кантраляваць», – піша ў лісце Судаленка.

Леанід Судаленка – старшыня Гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтра «Вясна», праваабаронца з 20-гадовым стажам аказання дапамогі ў аднаўленні парушаных правоў грамадзянаў. Ён быў затрыманы раніцай 18 студзеня па дарозе на офіс у межах крымінальнай справы, узбуджанай па арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Прызнаны палітвязнем.

Hавiны
Следчы камітэт расследуе справу аб факце дзейнасці праваабарончага цэнтру «Вясна»
2021.03.05 14:40

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў