Палітычны аналітык Арцём Шрайбман быў вымушаны з'ехаць ва Украіну


Палітычны аналітык Арцём Шрайбман паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што з’ехаў ва Украіну. Да гэтага кроку яго падштурхнула прапагандысцкае відэа з удзелам Рамана Пратасевіча.

«Іранічна атрымалася. Раніцай 3 чэрвеня выходзіць выпуск праекта «Рэдакцыя», які завяршаецца маімі словамі аб тым, што я не адчуваю прамой пагрозы і таму не зʼязджаю з Беларусі, а ўжо ўвечары я ў спешцы збіраю рэчы і выбіраюся з краіны», – піша ён.

У апублікаваным тэлеканалам ОНТ прапагандысцкім відэа арыштаваны Раман Пратасевіч сцвярджаў, што Арцём Шрайбман быў адным з тых, хто дапамагаў парадамі ў «каардынацыйным штабе рэвалюцыі». Аналітык тлумачыць, што сапраўды быў у гэтым чаце да канца 2020 года, але ягоную ролю перабольшваюць, ён проста назіраў за тым, як ідзе дыскусія. «Мой інтарэс быў у тым, каб назіраць ужывую, як камунікуюць тыя, каго да жніўня сталі называць каардынатарамі беларускай рэвалюцыі», – тлумачыць ён. Але, як адзначае Шрайбман, «у сённяшняй Беларусі нават недатычнасць да таго, што ўлада лічыць злачынствам, – ужо недастатковая страхоўка».

Шрайбман падкрэслівае, што ён не ведае дакладна, ці ёсць і ці быў да яго інтарэс з боку спецслужбаў. «Даходзяць чуткі, што рыхтуецца крымінальная справа, але пакуль іх складана пацвердзіць», – кажа аналітык. Шрайбман адзначае, што ў прапагандысцкіх сюжэтах ягонае імя ўзгадвалася яшчэ ў снежні, але ніякіх наступстваў гэта не мела.

«Не ведаю, ці пагражаў мне арышт. Інтэрвʼю Рамана пусцілі ў эфір, не затрымаўшы мяне напярэдадні, хоць я не хаваўся. Можа, і цяпер усё б скончылася, як паўгода таму, то бок нічым. Але спакойна жыць і працаваць у краіне пры такіх уводных далей было б складана. Таму давялося пайсці на вельмі некамфортна рашэнне – зʼехаць. Абедзве альтэрнатывы – СІЗА і штодзённае чаканне СІЗА – былі яшчэ горш, як для мяне, так і для блізкіх», – піша ён.

«Працягваю працаваць, як працаваў. Буду з усіх старацца захоўваць свой звычайны падыход да аналітыцы нягледзячы на спробы зляпіць з мяне нечага кансультанта. Не кансультаваў і не збіраюся», – дадаў ён.

Hавiны
Рэакцыя грамадства на сюжэт дзяржтэлебачання: «Інтэрв’ю» пад прымусам і катаваннямі
2021.06.04 18:23

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў