301-ы дзень пратэстаў. Пікеты на мяжы, праўладных журналістаў выключаць з Міжнароднай федэрацыі


Паслявыбарчыя пратэсты ў Беларусі працягваюцца з 9 жніўня мінулага году. Палітычны крызіс у краіне ў выніку не вырашаецца 301 дзень. Як прайшоў гэты дзень – у аглядзе «Белсату».

Беларусы стварылі намётавыя гарадкі на мяжы з краінай

Пікет каля пункту пропуску Баброўнікі – Бераставіца.
Фота: ВО / Белсат

Каля літоўскага памежнага пункту пропуску Мядзінінкай-Каменны Лог беларусы стварылі намётавы гарадок, падобны ўзнік і ў Польшчы каля пункту пропуску Баброўнікі-Бераставіца.

Галоўная мэта акцыі Нацыянальнага Антыкрызіснага Упраўлення – гэта зварот да Еўрапейскага звязу як мага хутчэй увесці 4-ы пакет санкцыяў і паскорыць распрацаванне 5-га пакету супраць рэжыму Лукашэнкі.

Патрабаванне да рэжыму Лукашэнкі: неадкладна адкрыць наземныя межы з боку Беларусі для вольнага перамяшчэння грамадзянаў.

Акцыі легальныя і ўзгодненыя з мясцовымі ўладамі.

Аб’ектыў
Беларусы пратэстуюць на польскай мяжы
2021.06.05 22:49

Ад палітвязняў патрабуюць лісты пакаяння

У калоніі «Віцьба 3» палітзняволеным раяць напісаць прашэнне на вызваленне на імя Лукашэнкі. Гэтак, маці аднаго з палітвязняў распавяла «Белсату», што ў канцы траўня ў віцебскую калонію прыязджаў пракурор з Менску і прасіў вязняў падпісаць такое прашэнне.

«Больш паловы вязняў адмовіліся гэта рабіць, але былі тыя хто пагадзіўся».

Падобную інфармацыю агучваюць палітвязні з наваполацкай калоніі.

Праўладны Саюз хочуць выключыць з Міжнароднай федэрацыі

Камітэт Міжнароднай федэрацыі журналістаў (IFJ) плануе пазбавіць сяброўства падкантрольны ўладам Беларускі саюз журналістаў.

«Журналісты заслугоўваюць самай поўнай падтрымкі ў гэтыя крытычныя часы. Свабоду зняволеным журналістам», – паведамляецца на старонцы арганізацыі ў Twitter.

IFJ – найбуйнейшая ў свеце арганізацыя прафесійных работнікаў СМІ. Там Беларусь прадстаўляе праўладнае «Беларускі саюз журналістаў», якое ўзначальвае прапагандыст БТ і давераная асоба Лукашэнкі Андрэй Крывашэеў. Прадстаўнікі Беларускага саюзу журналістаў публічна падтрымліваюць рэпрэсіі супраць недзяржаўных СМІ, у тым ліку супраць «Белсату».

У Савета бяспекі вырасце роля

Аляксандр Лукашэнка 4 чэрвеня падпісаў пастанову «аб мерах па забеспячэнню нацыянальная бяспекі».

Дакумент прадугледжвае, што будзе павышана роля Савета бяспекі «у пытаннях абароны незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, падтрымання грамадзянскага міру і згоды ў краіне, процідзеяння экстрэмізму і тэрарызму».

Аб’ектыў
Больш паўнамоцтваў у Савету бяспекі
2021.06.05 22:49

Савету міністраў даручана цягам месяца падрыхтаваць змены ў законы «Аб надзвычайным становішчы» і «Аб ваенным становішчы». Робіцца гэта нібыта «у мэтах стварэння дадатковых умоваў для папярэджання і нейтралізацыі рызыкі, выклікаў і пагроз нацыянальнай бяспекі», у тым ліку з улікам дэкрэту Лукашэнкі ад 9 траўня.

Якія канкрэтна новыя паўнамоцтвы атрымае Савет бяспекі пакуль не ўдакладняецца.

Аналітык Арцём Шрайбман з’ехаў з Беларусі

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што з’ехаў ва Украіну. Да гэтага кроку яго падштурхнула прапагандысцкае відэа з удзелам Рамана Пратасевіча.

Арцём Шрайбман

«Іранічна атрымалася. Раніцай 3 чэрвеня выходзіць выпуск праекта «Рэдакцыя», які завяршаецца маімі словамі аб тым, што я не адчуваю прамой пагрозы і таму не зʼязджаю з Беларусі, а ўжо ўвечары я ў спешцы збіраю рэчы і выбіраюся з краіны», – піша ён.

У апублікаваным тэлеканалам ОНТ прапагандысцкім відэа арыштаваны Раман Пратасевіч сцвярджаў, што Арцём Шрайбман быў адным з тых, хто дапамагаў парадамі ў «каардынацыйным штабе рэвалюцыі».

Hавiны
Палітычны аналітык Арцём Шрайбман быў вымушаны з’ехаць ва Украіну
2021.06.05 14:00

СК belsat.eu

Стужка навінаў