За 1000 дзён дзяржаўнага тэрору ў Беларусі арыштоўвалі звыш 38 тысяч чалавек


Нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя «Libereco» апублікавала падлікі аб 1000 дзён палітычных рэпрэсіяў у Беларусі – з выбараў 9 жніўня 2020 года – і заклікала расследаваць злачынствы супраць беларусаў на адмысловым трыбунале.

«1000 дзён тэрору». Выява: Libereco.org

«Рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць уласнага насельніцтва цяпер на рэкордным узроўні. Таму «Libereco» зноў заклікае ганаровых консулаў Беларусі ў Нямеччыне і Швейцарыі неадкладна падаць у адстаўку. Злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя ў Беларусі, павінны быць прадстаўленыя перад адмысловым трыбуналам».

Паводле падлікаў беларускага праваабарончага цэнтру «Вясна», на якія спасылаецца «Libereco», за 1000 дзён, што мінулі з 9 жніўня 2020 года:

  • звыш 38 тысяч чалавек былі арыштаваныя з палітычных прычынаў;
  • звыш 2240 чалавек прызнавалі палітычнымі зняволенымі;
  • за кратамі цяпер 1500 чалавек, прызнаных палітвязнямі ў Беларусі, сярод іх адзін лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру – старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі;
  • усім палітвязням, якія цяпер за кратамі, сумарна прысудзілі каля 5300 гадоў зняволення;
  • не менш за 100 тысяч чалавек пакінулі Беларусь і шукалі абароны за мяжою, бо на радзіме ім пагражае палітычны пераслед.

«Ужо 1000 дзён мы назіраем злачынствы супраць чалавечнасці ў выглядзе захопу закладнікаў і катаванняў тысячаў нявінных людзей рэжымам Лукашэнкі, які можа заставацца ва ўладзе толькі з ласкі Пуціна. Еўрапейскія дэмакратыі не павінны больш трываць гэтага і павінны нарэшце прыняць рашучыя захады супраць Лукашэнкі і ягонай банды. Дзеля гэтага міжнародная супольнасць павінна стварыць адмысловы трыбунал, каб прыцягнуць Лукашэнку і ўсіх ягоных памагатых і падбухторнікаў да адказнасці за іхныя злачынствы. Як чалец Рады Бяспекі ААН, Швейцарыя павінна ўзняць пытанне аб жахлівай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі», – заявіў дырэктар швейцарскага аддзялення «Libereco» Лярс Бюнгер.

Праваабаронцы асобна згадалі, што з сярэдзіны лютага нічога не чуваць пра палітвязня Міколу Статкевіча, палітвязень Віктар Бабарыка трапіў у шпіталь пасля меркаванага збіцця, а палітвязень Раман Пратасевіч нядаўна быў асуджаны на 8 гадоў калоніі.

Разбор
Сувязь з палітвязнямі знікае – што рабіць сваякам? Парады «Dissidentby»
2023.04.27 21:43
Каментар
Нават акуляры бывае цяжка перадаць. Чаму мы мала ведаем аб здароўі палітвязняў – і што рабіць
2023.04.28 17:41

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў