«БНБ-Банк» уводзіць камісію за абслугоўванне валютных рахункаў


З 5 траўня «БНБ-Банк» уводзіць камісію за вядзенне валютных рахункаў, на якіх на апошні працоўны дзень месяца захоўваецца сумарна больш за 50 тысяч долараў ЗША ў эквіваленце. Камісія складзе 0,1 % сумы на рахунку, а мінімальны збор будзе 500 рублёў.

«БНБ-Банк» .
Фота: officelife.media

Камісію будуць налічваць не на кожны асобны валютны рахунак, а сумарна на ўсе. Гэтак, калі ў кліента банку некалькі рахункаў у валюце, на якіх захоўваецца сума ад 50 тысяч долараў у эквіваленце, то камісія будзе прымяняцца адзін раз да ўсіх рахункаў. Аднак калі ў кліента некалькі рахункаў, на кожным з якіх менш за 50 тысяч долараў у эквіваленце, але агульная сума на іх перавышае 50 тысяч долараў у эквіваленце, то яму таксама давядзецца плаціць камісію.

У банку ўдакладняюць, што камісія можа быць знятая з любога рахунку кліента на жаданне банку. Плата не будзе здымацца пры наяўнасці прыпыненняў, арыштаў або нявыкананых грашовых абавязкаў у аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэме выканання грашовых абавязкаў (АІС ВГА).

Таксама з 5 траўня банк уводзіць змены адносна камісіяў для юрыдычных асобаў. Для іх адменены ліміт мінімальнай сумы для правядзення міжнародных плацяжоў у доларах. Раней існаваў ліміт для пераводаў – 5000 долараў ЗША.

Таксама зніжаная дадатковая камісія за выкананне банкаўскага пераводу ў доларах і еўрах праз карэспандэнцкія рахункі «БНБ-Банку» за межамі Беларусі, а таксама на рахункі атрымальнікаў, адкрытых у «Прыёрбанку», «Беларусбанку», «Белгазпрамбанку» (толькі для еўраў). У доларах камісія знізіцца з 1 % да 0,7 %, у еўрах – з 2 % да 1,9 %.

Раней падобную плату за абслугоўванне рахункаў у доларах і еўрах увёў «Прыёрбанк».

Hавiны
«Прыёрбанк» уводзіць вялізную камісію за абслугоўванне рахункаў у доларах і еўрах
2023.04.28 13:11

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў