За «Не вайне» на плоце менчука пакаралі арыштам на тры месяцы


Суддзя Таццяна Шоцік прызнала Івана Карабельнікава вінаватым у «Апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці», паведамляе «Вясна».

«Не вайне» па вуліцах Менску 3 сакавіка. Фота мае ілюстрацыйны характар, дасланае чытачамі.

5 траўня 2022 года суддзя Ленінскага раёну ў Менску Таццяна Шоцік вынесла прысуд 37-гадоваму Івану Карабельнікаву. За надпіс «НЕТ ВОЙНЕ» на плоце яго пакаралі трыма месяцамі арышту. Менавіта столькі запрасіла падсуднаму старшая памочніца пракурора Юлія Даўгала.

Паводле абвінавачання, 1 сакавіка Іван у стане алкагольнага ап’янення меў намер пашкодзіць маёмасць у грамадскіх месцах, і таму нанёс на паверхню бетоннага плота надпіс «НЕТ ВОЙНЕ» чырвонай фарбай. Гэта «істотна знізіла эстэтычныя характарыстыкі бетоннага плота, пацягнула за сабой неабходнасць правядзення прац па афарбоўцы раней пафарбаванага бетоннага плата, учыніўшы тым самым шкоду «Аўтакамбінату №2» на суму 14 рублёў 59 капеек».

Падчас пасяджэння Іван Карабельнікаў часткова прызнаў віну. Ён распавёў, што ў тую ноч нанёс надпіс пасля прагляду навінаў, каб выказаць сваю пазіцыю, пасля чаго яго затрымалі супрацоўнікі АМАП. Ён выказаў здагадку, што хаця эстэтычныя характарыстыкі плата знізіліся, ён працягнуў выконваць сваё функцыянальнае прызначэнне.

Сведкамі па справе выступілі супрацоўнікі АМАП. Карабельнікаў кампенсаваў шкоду, з яго знялі абмежаванне на выезд з Беларусі і арышт на маёмасць. Балончык з фарбай, якой мужчына наносіў надпіс, канфіскаваны ў маёмасць дзяржавы.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў