«Жыве!» – новая кампанія салідарнасці на «Белсаце»


На «Белсаце» 6 траўня стартуе кампанія «Жыве!», створаная дзеля падтрымання беларусаў на волі і салідарнасці з палітычнымі вязнямі.

Паслявыбарчыя падзеі паказалі: не зважаючы ні на што, беларусы перамаглі. Адрадзілася нацыя, мы нарэшце аб’ядналіся і – галоўнае – перамаглі свой страх. Не трэба падаць духам, хоць часам здаецца, нібыта ўсё было марна. Палітычныя вязні ў сваіх апошніх словах і лістах даводзяць, што ніякія рэпрэсіі іх не зломяць.

Беларусы зрабілі вялікі крок да свабоды і далі ўсім зразумець, што Беларусь жыве, жыве нацыя, жывуць нашыя мова і сімвалы, жыве нашае жаданне быць вольнымі. І нават у самы цяжкі час трэба пра гэта ведаць і памятаць. Менавіта гэтаму прысвечаны новы праект «Белсату».

На адмысловай старонцы кампаніі сабраныя гісторыі палітвязняў, іхных родных, іхных сем’яў. Таксама там можна знайсці парады юрыстаў, псіхолагаў, іншых адмыслоўцаў, што рабіць, калі да вас прыйшлі з ператрусам, як захоўваць спакой у такіх сітуацыях, як сёння жыць і дапамагаць жыць адно аднаму. Калі разумееце, што ў вас канчаюцца сілы, то пачытайце артыкулы з парадамі і гісторыямі іншых людзей. Бо не толькі людзі за кратамі патрабуюць дапамогі. Дапамога патрэбная і тым, хто на волі.

Паштоўка кампаніі «Жыве!», якую можна раздрукаваць і даслаць за краты.

«Беларусы паказалі ў мінулым годзе, у гэты годзе, хто яны такія і што яны могуць зрабіць. Гэтая хваля падтрымання адно аднаго ўзрушыла цэлы свет, і мы будзем пра гэта казаць і паказваць», – кажа каардынатарка праекту Ганна Аземша.

На старонцы «Жыве» таксама ёсць натхняльныя паштоўкі, якія можна раздрукаваць і адправіць палітвязням – гэта сапраўды іх падбадзёрвае і падтрымлівае. Людзі за кратамі цешацца кожнаму добраму слову, якое прыходзіць да іх з волі. На старонцы кампаніі можна знайсці і жыццесцвярджальны лагатып «Жыве», раздрукаваць яго на чым-кольвек.

«Праект будзе пашырацца. Мы рыхтуем відэаролікі, артыкулы. Але гэта першы праект «Белсату», які я хачу найхутчэй скончыць, я хачу, каб на лічыльніку [колькасці палітвязняў] з’явілася лічба нуль», – адзначае Ганна Аземша.

Свае просьбы пра дапамогу альбо прапановы дапамогі, свае гісторыі скіроўвайце на адрас кампаніі «Жыве!» – belsat.zhyve@gmail.com.

belsat.eu

Стужка навінаў