У Беларусі зачынілася сетка дзіцячых крамаў «Буслік»


У Беларусі зачыніліся ўсе крамы сеткі «Буслік», якая прадавала тавары для дзяцей. Гэта вынікае з Гандлёвага рэестра Беларусі, паведамляе «Спутнік».

Крама дзіцячых тавараў «Буслік».
Фота: expobel.by

Згодна з дадзенымі рэестру, у 2024 годзе ў сеткі працавала каля 20 гандлёвых кропак, але на сённяшні дзень ніводная з іх не функцыянуе, адзначае выданне. Паводле звестак з рэестру, летась у сеткі было зачынена 18 крамаў. Сайт «Бусліка» таксама недасяжны.

Праблемы ў «Бусліка» пачаліся ў кастрычніку 2023 года. Польская кампанія «CDRL» (брэнд «Coccodrillo»), якая яшчэ ў 2018-м набыла беларускую кампанію «ДПМ», уладальніка «Бусліка», паведаміла пра фінансавыя праблемы сваёй беларускай дачкі. «ДПМ» павінна была за 10 дзён пагасіць валютны крэдыт беларускага «Альфа Банку» памерам каля $ 3,95 млн. Банк нібыта ўгледзеў прыкметы неплацежаздольнасці ў дзейнасці «Бусліка», а таксама змяншэнне кошту закладу кампаніі ў звязку з недастатковаю колькасцю тавараў у абароце, якія забяспечваюць крэдыт.

Самастойна пагасіць такую суму на працягу 10 дзён уладальнік «Бусліка» не здолеў. Рэтэйлер «CDRL» у сваю чаргу пастанавіў спісаць кошт акцыяў «ДПМ» на Br 41,3 млн і пратэрмінаваную дэбіторскую запазычанасць сеткі памерам больш як $ 400 тысячаў. Пасля гэтага польскі інвестар аб’явіў аб прыпыненні далейшых паставак тавараў у Беларусь. Пазней кампанія «CDRL» прызнала страту кантролю над «ДПМ».

Першая крама дзіцячых тавараў «Буслік» адкрылася ў 2006 годзе. Інтэрнэт-крама была зарэгістраваная ў 2015 годзе. У 2018-м «Буслік» меў 46 крамаў, 17 з іх у Менску. У студзені 2024-га іх засталося ўсяго 14. Пяць з іх у Менску, а ў тым жа Берасці няма ніводнай. Па адной краме ёсць у Магілёве, Гомлі, Горадні, Пінску, дзве – у Віцебску.

Агляд
«Буслік», «Востраў чысціні», «Алмі». Што адбываецца з папулярнымі крамамі ў Беларусі
2024.02.02 06:20

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў