Яўгена Лівянта падазраюць у нясплаце падаткаў


Упраўленне Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю па Віцебскай вобласці спыніла супрацьпраўную дзейнасць заснавальнікаў рэпетытарскіх цэнтраў «100 балаў» Е.Б. Лівянта і А. А. Іванова па ўхіленні ад выплаты падаткаў і абавязковых плацяжоў у бюджэт. Узбуджана 6 крымінальных спраў. Пра гэта паведаміў Камітэт дзяржаўнага кантролю.

Здымак мае ілюстратыўны характар.
Фота: «Белсат»

Паводле версіі Камітэта дзяржкантролю, заснавальнікі цэнтра «100 балаў» не сплацілі падаткаў на 3,6 мільёна рублёў.

У «злачынную групу», як вынікае з заявы КДК, уваходзілі 8 чалавек, якія з 2012 года зарэгістравалі 5 юрыдычных асоб пад агульным брэндам «100 балаў». Офісы былі размешчаны ў розных гарадах Беларусі і аказвалі рэпетытарскія паслугі.

Большасць рэпетытараў, якія працавалі на цэнтры, былі зарэгістраваныя ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў. У той час як уся дзейнасць, як сцвярджае КДК, ажыццяўлялася непасрэдна цэнтрамі «Сто балаў»: цэнтры складалі расклады заняткаў і бралі аплату за навучанне ад бацькоў дзяцей.

«Рэгістрацыя іх [рэпетытараў] у якасці ІП дазволіла рэпетытарскім цэнтрам выкарыстоўваць злачынную схему ўхілення ад падаткаў», – гаворыцца ў паведамленні дзяржкантролю.

Таксама ў паведамленні адзначаецца, што падазраваныя ў «добраахвотным парадку пагашаюць прычыненую дзяржаве шкоду» і ўжо сплацілі ў бюджэт больш за 630 рублёў.

Рэпетытарскі цэнтр “100 баллов”.
Фота: 100ballov.by

Вядомага рэпетытара Яўгена Лівянта разам з жонкай і дачкой затрымалі 28 снежня 2022 года. Разам з ім быў затрыманы і суўладальнік цэнтра «100 балаў» Аляксей Іваноў. Першапачаткова яны былі асуджаныя па адміністратыўных справах. Пазней на ўсю сям’ю завялі справы па арт. 342 КК («Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў