Чым рабаванне адрозніваецца ад марадзёрства, разбіраемся разам з экспертамі


Расейскія вайскоўцы, якія пакінулі Украіну, цяпер з Беларусі масава дасылаюць праз пошту або службы дастаўкі розныя рэчы ў Расею. Выведка Украіны паведамляе, што ў горадзе Нароўля ў Беларусі расейскія вайскоўцы нават стварылі базар для продажу пральных і пасудамыйных машынаў, прадаюць лядоўні, ювелірныя вырабы, аўтамабілі, ровары, матацыклы, посуд, дываны, творы мастацтва, дзіцячыя цацкі, касметыку. Усё гэта нарабавана ва Украіне.

Жанчына абдымае ўкраінскага вайскоўца пасля вызвалення Бучы ад расейскіх войскаў.
Фота: AP Photo/Vadim Ghirda

Пасля вызвалення ўкраінскіх гарадоў ад расейскіх акупантаў увесь свет пабачыў злачынствы, якія чынілі на захопленых тэрыторыях вайскоўцы. Сотні забітых грамадзянаў, гвалт, разрабаваныя кватэры. Украінская выведка паведамляе, што вайскоўцы, якія цяпер у Беларусі, прадаюць побытавую тэхніку, ювелірныя вырабы. Спрабуюць абмяняць валюту. У медыях часам пішуць, што гэтыя рэчы і грошы расейскія салдаты забралі ў мірных жыхароў – і гэта называецца марадзёрствам. Але насамрэч гэта не марадзёрства, а рабаванне.

«З юрыдычнага гледзішча марадзёрства – гэта выкраданне рэчаў загінулых на полі бою. Ва ўкраінскім Крымінальным кодэксе гэта адпаведны артыкул 432. Адказнасць паводле гэтага артыкулу прадугледжвае ад 3 да 5 гадоў. Але тое, што адбываецца цяпер, – гэта не зусім марадзёрства. Мы гэта ўмоўна называем такім словам. Насамрэч расейскія акупанты забіраюць рэчы ў людзей наўпрост, нават з выкарыстаннем зброі. Гэта рабунак. І калі гэтае злачынства адбываецца ва ўмовах ваеннага становішча, то пакаранне прадугледжвае да 7 гадоў зняволення. Людзі, у якіх выкралі рэчы, павінныя звяртацца да праваахоўнікаў», – звяртае ўвагу ўкраінскі палітолаг Багдан Бандарэнка.

Hавiны
Расейцы стварылі базар, на якім прадаюць нарабаванае ва Украіне
2022.04.02 15:38

Вядома, што цяпер людзі, якія перажылі акупацыю, маюць зусім іншыя праблемы. Па-другое, дзяржава таксама занятая вайной. Але, кажа ўкраінскі палітолаг, пра ўсе гэтыя злачынствы варта памятаць і пазней разглядаць кожную справу асобна.

Што кажа заканадаўства пра рабаванне і марадзёрства

У любой цывілізаванай арміі свету за марадзёрства прадугледжваецца расстрэл проста на месцы кожнага, хто трапіўся на гэтым злачынстве, сцвярджае вайсковы эксперт Алег Жданаў. Паводле яго словаў, такая норма прапісаная ў міжнародных правілах вядзення вайны.

«І гэта прапісана таксама і ў расейскім заканадаўстве, бо калі яны пісалі свае законы, то выкарыстоўвалі нормы міжнароднага права», – кажа Алег Жданаў, украінскі вайсковы эксперт.

Але нягледзячы на юрыдычныя і маральныя аспекты, расейцы ўчынілі масавыя рабаванні. Багдан Бандарэнка кажа, што такім чынам вайскоўцы выяўлялі сваё дамінаванне, бо яны не толькі забіралі маёмасць звычайных людзей, а і знішчалі тое, што не змаглі вынесці. Захопнікі карысталіся бадай кожнай магчымасцю беспакарана атрымаць хоць нешта за тое, што яны сюды прыйшлі.

«Усе кватэры, у якія заходзілі вайскоўцы, разрабаваныя. Можа, і былі такія сітуацыі, калі ў памяшканні былі гаспадары, тады яны забіралі мінімальны набор нейкіх рэчаў. І яны не проста рабавалі, хапалі ўсё, што траплялася пад рукі, але і бурылі, разбівалі жытло людзей, нішчылі тое, што маглі знішчыць», – кажа Багдан Бандарэнка, які пасля вызвалення наведваў Бучу.

Традыцыі савецкай арміі

Але на гэтыя злачынствы проста заплюшчвалі вочы, у тым ліку і афіцэры. Увогуле, у сусветнай гісторыі новага часу мала прыкладаў, калі армія займалася не марадзёрствам, але менавіта рабаваннем.

«Калі паглядзець на падзеі падчас Другой сусветнай вайны, то мы пабачым нешта падобнае ў 1945 годзе ў Нямеччыне. Савецкая армія там чыніла рабаванні. У Расеі цяпер закрытыя архівы, Пуцін баіцца іх адкрываць. Але мы ведаем з іншых крыніцаў, што той жа маршал Жукаў вывез 8 вагонаў маёмасці. У немцаў забіралі ўсё, што бачылі. Яны лічылі гэта трафеямі, нібыта немцы ім гэта павінныя за чатыры гады вайны. Таму гэта ўжо традыцыя той савецкай арміі, а Расея ж абвяшчае сябе пераемніцай Савецкага Саюзу», – кажа Алег Жданаў.

Дмытрыеўка, Украіна. 3 красавіка 2022 года.
Фота: МП / Белсат

Так і цяпер ва Украіне расейцы працягнулі «традыцыі савецкай арміі».

«Мы маем справу з сапраўднымі гвалтаўнікамі і рабаўнікамі. Расейскія вайскоўцы рабавалі жывых людзей, крамы. Яны гвалтавалі жанчын і нават 10-гадовых дзяўчатак, а пасля забівалі. Найбольш страшна тое, што яны не толькі намагаюцца вывозіць нарабаванае, але забіваюць людзей падчас рабунку. Яны забіралі пачкі прэзерватываў, алкаголь, пачкамі забіралі жаночую бялізну, планшэты. Усе гэтыя рэчы знаходзілі падчас дагляду падбітай вайсковай тэхнікі расейцаў. Тое, што адпраўляюць з Мазыра, то гэта тое, што давезлі іхныя кіраўнікі. Бо звычайны вайсковец не можа распараджацца вайсковай тэхнікай. Шараговыя вайскоўцы рабавалі звычайных людзей. Яны забівалі мірных жыхароў за дробныя рэчы», – кажа Міхал Прытула, украінскі вайсковы эксперт.

Спалены аўтамабіль ў Ірпіні, Украіна. Крыніца: kiev.informator.ua

Генацыд украінскага народу

Алег Жданаў лічыць, што падзеі апошняга месяца сведчаць: гэта генацыд, знішчэнне ўкраінскага народу як нацыі з боку Расеі. Эксперт сцвярджае, што на другі тыдзень пасля ўварвання Пуцін загадаў вайскоўцам не лічыцца са стратамі сярод мірнага насельніцтва. Таксама вайскоўцаў надзвычай уразіла і моцна раззлавала істотная розніца ў дабрабыце. Узровень жыцця ва ўкраінскіх гарадах Кіеўшчыны нашмат вышэйшы, чым у рэгіёнах Расеі. Захопнікаў моцна раззлавала, што людзі тут так добра жывуць, нібыта Захад дапамагае Украіне. Усё ў сукупнасці паспрыяла таму, што ўзнік цывілізацыйны разрыў, і расейскія войскі пайшлі ў разнос, лічыць эксперт.

Адмыслоўцы пагаджаюцца ў тым, што расейскія вайскоўцы паводзяць сябе на акупаваных тэрыторыях як асобы, якія не маюць маралі, логікі і розуму.

«Гэта не людзі, людзі так сябе не паводзяць. Яны зруйнавалі гарады, забілі жыхароў. Гэта немагчыма каментаваць. Буча цяпер – параненая зямля. Людзям, якія перажылі акупацыю, патрэбная псіхалагічная дапамога. Яны страшна траўмаваныя», – кажа Міхал Прытула.

Міхал Прытула таксама звяртае ўвагу на тое, што цяпер Беларусь таксама ёсць тэрыторыяй, акупаванай расейцамі. Эксперт заклікае пазбаўляцца ад гэтага войска на сваёй зямлі як мага хутчэй.

Аналітыка
Ад Срэбрэныцы да Новых Алдоў. З якімі гістарычнымі падзеямі параўноўваюць бойню ў Бучы
2022.04.04 17:35

belsat.eu

Стужка навінаў