У Крыме пасля атакі ўкраінскіх беспілотнікаў знішчаны расейскі карабель (абноўлена)


У выніку ўдару ўкраінскімі марскімі беспілотнікамі ў ноч на 5 сакавіка быў пашкоджаны расейскі патрульны карабель праекту 22160 «Сяргей Котаў», піша «Українська правда». Паводле выдання, за гэтай спецаперацыяй стаіць Галоўнае ўпраўленне выведкі.

Карабель «Сяргей Котаў».
Фота: Міністэрства абароны Расеі

Напярэдадні расейскія Telegram-каналы пісалі, што ўначы часова акупаваны Крым быў атакаваны ўкраінскімі ракетамі і беспілотнікамі, адной з цэляў нібыта быў Крымскі мост. Пры гэтым у шэрагу паблікаў сцвярджаюць, што ў выніку ўдару быў патоплены патрульны карабель «Сяргей Котаў». У прыватнасці, пра гэта піша канал «Белорусский силовик».

«Пакуль удакладняю пра лёс экіпажу, але судна ўсё», – паведамляе канал. Расейскае Мінабароны пакуль сітуацыі не каментавала.

Пазней навіну пракаментавала ўкраінская выведка, падзяліўшыся дэталямі знішчэння расейскага карабля.

«Бліскучая аперацыя, і «Сяргей Котаў» гэтым разам ужо сапраўды знішчаны. Палявалі на яго не ўпершыню, і ўжо былі паспяховыя атакі, але ён змог аднавіцца пасля правядзення рамонтных працаў», – распавёў прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны Андрэй Юсаў у эфіры ўкраінскага радыё «Свобода».

Паводле Юсава, гэта была не выпадковая атака, а доўгатэрміновая аперацыя: «Умоўна пяць наўпроставых пападанняў [марскімі дронамі] выпадкова не здараюцца».

Як высветліла ўкраінская выведка, у Расеі былі планы на караблі праекту 22160, да якога належыць «Сяргей Котаў». У прыватнасці, расейцы планавалі размясціць зенітна-ракетныя комплексы на караблі, такія спробы ўжо былі.

У дачыненні экіпажу сітуацыя высвятляецца. Ёсць загінулыя і параненыя, сцвярджае Юсаў. Імаверна, частка экіпажу была эвакуяваная. Вядома пра больш за дзесяць машынаў «хуткай», што выклікалі на найбліжэйшым участку сушы, дадалі ў Галоўным упраўленні выведкі.

«Сяргей Котаў» разам з крэйсерам «Масква» ўдзельнічаў у нападзе на востраў Змяіны ў лютым 2022 года.

Нагадаем, раней у гэтым годзе расейскі Чарнаморскі флот ужо згубіў вялікі дэсантны карабель «Цэзар Кунікаў», а ў снежні ўкраінцы знішчылі вялікі дэсантны карабель «Новачаркаск».

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў