Падслуханае. Дыялогі ў маршрутцы


На вуліцы з самага ранку ідзе снег. Вільготна і ветрана, блізкая да 0 °С тэмпература ператварае дарогі ў коўзанку, а пешаходаў – у фігурыстаў-пачаткоўцаў. Брудная каша са снегу збіраецца каля бардзюраў. На прыпынку грамадскага транспарту стаяць людзі.

Мужчына ў занадта лёгкай для такога надвор’я чорнай куртцы пераступае з нагі на нагу, уцягнуўшы галаву ў плечы. На лавачцы сядзіць жанчына ў бардовым паліто, побач з ёй – некалькі пакетаў з пакупкамі. Нарэшце, падміргваючы фарамі, пад’язджае маршрутка. Жанчына падхопліваецца, хапае пакеты і ўзнімаецца на прыступкі. Мужчына пакорліва чакае сваёй чаргі каля адкрытых аўтаматычных дзвярэй. Заходзім за імі, каб паслухаць, пра што размаўляюць беларусы.

Гісторыі
Падслуханае. Дыялогі ў менскім электравіку
2022.11.13 07:50

У салоне сядзяць двое маладых мужчынаў, гадоў трыццаці. Адзін з іх коратка пастрыжаны, з адтапыранымі вушамі і кіслым выразам твару. Ён прыехаў у госці да сяброў у вялікі горад, з раённага цэнтру.

– Вось снег як выпадзе сярод зімы, знянацку для нашых камунальнікаў, дык што адразу робяць жанчыны? Посцяць у свае «інстаграмы» снег, сэлфі. Ой, як прыгожа, ура, снег, якая радасць! – хлопец закочвае вочы. – Ага, радасць ім, бл..ь. А мне з машынай столькі гемарою дадаецца праз гэты снег, не перадаць, – бурчыць ён.

– Добра, што я пешаход, і ў мяне няма такіх праблемаў, – смяецца ягоны спадарожнік.

– Ага. А яшчэ з гэтым тэхаглядам. Спыняе мяне неяк даішнік, просіць паказаць дакументы. А я яму: няма ў мяне вашага грэбанага тэхагляду. Я ўжо задзяўбаўся працаваць на дзвюх працах, каб працягваць жыць на адныя зніжкі ў крамах. Ён пахітаў галавою, вядома, але каму наогул да гэтага справа? Твае праблемы.

Маршрутка хвацка ляціць з аднаго пункту маршруту ў другі. Кіроўца, як шматрукі індыйскі бог, паспявае адначасова прымаць грошы за праезд, адлічваць і даваць рэшту, адказваць на тэлефон і ўпэўнена трымаць стырно.

– З пяці рублёў рэшта! – гучна басіць ён і, не аглядаючыся і працягваючы сачыць за дарогаю, працягвае правую руку з манетамі назад.

Пры канцы маршруткі сядзіць пара, ім недзе дваццаць пяць. Хлопец нахіляецца наперад і пытае мужчыну гадоў сарака пяці, лёгенька кранаючы за плячо:

– А падкажыце, калі ласка, на якім прыпынку нам выйсці, каб трапіць у гатэль «Т»?

– Вам выходзіць праз два прыпынкі, – адказвае мужчына.

Тут да размовы падключаецца жанчына гадоў сарака, якая сядзіць побач з ім:

– А вы выпадкова не расяяне?

– Не, мы не з Расеі, – разгублена кажа хлопец.

– Ну дзякуй Богу. А то я ўжо мужа свайго штурхнула ў бок, чаму гэта ён расейцам дапамагае, – кажа жанчына і пачынае смяяцца.

«На наступным прыпынку, калі ласка!»

Маршрутка ідзе на новае кола, пасажыры ракою змяняюць адно аднаго.

– Я ўчора так стамілася на працы, што прыйшла дадому і проста цэлую гадзіну ляжала. Хоць у хаце і непарадак, і трэба было б прыбрацца. Падумала: ай, калі ў краіне непарадак, то ў кватэры ён не так страшна выглядае, – кажа камусьці праз тэлефон жанчына гадоў трыццаці пяці з ярка пафарбаванымі чырвонымі вуснамі.

А вось у салон забягаюць тры дзяўчынкі-падлеткі. Сакочуць на розныя галасы, абмяркоўваюць хуткія выходныя.

– Я паеду ў госці да дзядулі. Ён у мяне круты! Я яго гадоў пяць не бачыла, але бацькі распавядалі пра яго шмат, і ён мяне з кожным святам віншуе. Люблю яго, – разгаворваецца адна з іх, з светлымі кучаравымі валасамі, якія льюцца з-пад шапкі.

Бесклапотна весела гамонячы, яны ледзь не прапускаюць прыпынку і лёгка выпырхваюць у абдымкі гарадскога холаду.

Праект «Падслухана». Калаж: Белсат

У хвасце салону сядзяць двое мужчынаў. Ім за сорак пяць, абодва каржакаватыя, максімальна коратка стрыжаныя, з вуглаватымі тварамі. З гаворкі чуваць, што не мясцовыя. Адзін з іх задуменна праводзіць пальцам па тэлефонным экране:

– Я вось чакаў, што як нашыя Данбас вернуць, то ўжо жахнуць па украх на ўсю моц. Гэта ж ужо вайна супраць Расеі лічыцца! Але чаго яны чакаюць? Чаму не даць усім па зубах, каб ніхто нават не рыпаўся?

– Э-э-э, ну тут больш хітра трэба рабіць. Мне здаецца, усё ідзе паводле плану, як задумана, – па-філасофску заўважае ягоны суразмоўца.

Першы мужчына адрываецца ад тэлефона і аглядае салон маршруткі. Спатыкаецца аб позірк маладзенькай дзяўчыны, якая, пачуўшы іхную размову, азірнулася і глядзіць на яго так, нібы хоча спапяліць.

– Пайшлі, нам выходзіць, – падхопліваецца мужчына і кіруецца да дзвярэй.

Маршрутка імчыць далей. Яе дзверы нястомна працягваюць адсякаць фрагменты размоваў і абразкі чужога жыцця.

«Падслухана» – новы праект «Белсату» пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Трэці год беларусы, якія зазнаюць палітычны пераслед, з’язджаюць з краіны. Але шмат хто не хоча губляць сувязі з радзімай. Гукі, пахі – тое, чаго бракуе нам усім. Як смакуе кава «Оскар» у «Цэнтральным»? А як гучыць менскае метро? Што кажуць у чэргах на пошце? Мы просім чытачоў і гледачоў падслухваць гэтыя гісторыі за нас, журналістаў, якім цяпер не дазволена жыць у Беларусі. Мы збіраем іх, агучваем для вас – каб вы пачулі гукі Беларусі.

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў