Кацярына Андрэева: «Мая справа з пачатку і да канца сфабрыкаваная, прычым вельмі няўмела»

5 лютага прайшла прэс-канферэнцыя напярэдадні суда над журналісткамі «Белсату».

Словы Кацярыны Андрэевай прачытаў ейны муж Ігар Ільяш.

«9 лютага мяне пачнуць судзіць паводле ілжывага абвінавачання ў «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Мая справа з пачатку і да канца сфабрыкаваная, прычым вельмі няўмела. Я лічу гэта помстаю спецслужбаў за прафесійную журналісцкую дзейнасць.

15 лістапада мяне затрымалі па злачынным загадзе. У той дзень сілавікі казалі мне: «Ты больш не будзеш весці сваіх стрымаў ніколі!» Затым зноў выйшаў злачынны загад і мяне змясцілі ў турму. Амаль тры месяцы я правяла за кратамі. Паводле іхнай задумы, заключэнне павінна было зламаць мяне і прымусіць усумніцца ў правільнасці абранага шляху.

Аднак нічога падобнага не адбылося. Гэты час у СІЗА толькі загартаваў мой характар. А неверагодная падтрымка з волі напаўняла радасцю кожны дзень. Разам з тым я разумею, што неабходна разарваць ланцуг выканання злачынных загадаў і звяртаюся да суда з просьбаю зрабіць гэта нарэшце. Выконваць злачынны загад – значыць браць удзел у злачынстве. Але за злачынствам рушыць услед раскаянне, і менавіта яно стане найбольш страшным пакараннем, бо будзе атручваць вам жыццё, не даючы спакою да глыбокай старасці.

Што датычыць мяне, то я буду шчаслівая незалежна ад прысуду, бо сумленне маё чыстае, а праўду казаць лёгка і прыемна».

Кацярына Андрэева. Фота з асабістага архіву

Журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова застаюцца за кратамі з 15 лістапада. Іх затрымалі за стрым жорсткага разгону падчас акцыі памяці Рамана Бандарэнкі ды разбурэння сілавікамі народнага мемарыялу. Кацярыне і Дар’і выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») КК. Праваабаронцы прызналі журналістак палітвязнямі.

Суд у справе журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай прызначаны на 9 лютага

Журналістак вінавацяць у тым, што пры дапамозе стрыму яны бралі актыўны ўдзел і нават кіравалі «групавымі дзеяннямі, што груба парушаюць грамадскі парадак», якія пацягнулі парушэнне працы грамадскага транспарту. Нагадаем, што менавіта як «грубае парушэнне грамадскага парадку» следства расцэньвае мірную акцыю пратэсту на плошчы Пераменаў. Следства сцвярджае, што стрым Кацярыны і Дар’і пацягнуў за сабою прыпыненне руху трынаццаці аўтобусных, трох тралейбусных і трох трамвайных маршрутаў. Страты «Менсктрансу» ацанілі на 11 562 рублі і 14 капеек.

Суд над дзяўчатамі прызначылі на 9 лютага. Справу будзе разглядаць суд Фрунзенскага раёну Менску. Суддзя – Наталля Бугук.

ІК, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны