На «Гродна Азот» даўно хацелі пабудаваць новы цэх. Зноў не атрымалася праз санкцыі


У чэрвені пачаліся падрыхтоўчыя працы па будаўніцтве на прадпрыемстве новага цэху вытворчасці карбаміду з магутнасцю тысяча тон у суткі. Канчатковае рашэнне мусіла быць прынятае ў лістападзе, а пачатак будаўніцтва планаваўся ў 2022 годзе. Аднак праз санкцыі праект, які ацэньваўся ў 1,2 млрд долараў, апынуўся пад вялікім пытаннем, расказвае Hrodna.life.

Прадпрыемства «Гродна Азот». Крыніца: azot.by

Падрадчыкам на будаўніцтва новага азотнага комплексу была зацверджаная італьянская фірма «TECNIMONT s. p.a.» яшчэ ў лютым 2020 года. Напачатку планавалася пачаць будаўніцтва ў 2021 годзе, але тэрміны ўвесь час пасоўваліся.

Цягам 2021 года прадпрыемства «Гродна Азот» неаднаразова трапляла ў спісы санкцыяў – еўрапейскіх і амерыканскіх. Так, напрыклад, ЗША аднавілі свае санкцыі супраць прадпрыемства ў красавіку 2021 года. Асобна трапіў пад амерыканскія санкцыі дырэктар «Гродна Азот» Ігар Ляшэнка. 2 снежня «Азот» трапіў пад пяты пакет санкцый Еўразвязу.

Пасля апошняй навіны пра трапленне прадпрыемства пад санкцыі Еўразвязу, Hrodna.life зрабілі запыт у амбасаду Італіі наконт лёсу праекту. Там адказалі, што праект будаўніцтва азотнага комплексу на «Гродна Азот» запаволіўся праз «ўскладненні, якія ўзніклі ў палітычным дыялогу паміж Беларуссю і Еўразвязам». Але выказалі надзею, што калі-небудзь праект будзе рэалізаваны.

І без санкцыяў «Гродна Азот» цярпеў вялікія страты. Так, за 2020 год, паводле міжнароднай фінансавай справаздачнасці (IFRS), прадпрыемства паказала страты ў $52 млн.

Тым часам старыя цэха «Азоту» чакаюць маштабнай рэканструкцыі. Цягам гэтага году ўсё часцей зʼяўляюцца навіны пра аварыйныя спыненні цэхаў. Працоўныя з прадпрыемства распавядаюць пра жахлівы стан старога абсталявання.

Аналітыка
Адзіным фронтам. Што трэба ведаць пра новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
2021.12.03 15:25

СК belsat.eu

Стужка навінаў