Рэпрэсіі на Гомельшчыне. Затрымалі брата палітолага Валера Карбалевіча


На Гомельшчыне перад выходнымі пракацілася хваля затрыманняў і палітычных судоў. У Рэчыцкім раёне затрымалі брата палітолага Валера Карбалевіча. Паводле розных палітычных артыкулаў судзілі як мінімум 15 чалавек, піша «Гомельская Вясна».

Праваабаронцы паведамляюць, што па Рэчыцкім раёне, дзе пачаліся антытэрарыстычныя вучэнні, праехаліся супрацоўнікі СОБРу. Затрымалі брата палітолага Валерыя Карбалевіча. Яго затрымлівалі разам з жонкай, змушалі запісаць «пакаяннае» відэа (сям’я не згадзілася). Пратрымалі трое содняў у ІЧУ, але асудзіць не паспелі праз вялікую колькасць затрыманых. Позву ў суд выдалі на 10 лістапада.

На чарговыя 15 содняў асудзілі Міхаіла Лапунова, бацьку аднаго з самых маладых палітычных вязняў Мікіты Залатарова. Гэта ўжо шосты 15-содневы арышт запар. Мужчына правядзе за кратамі тры месяцы.

Суды за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» адбыліся ў Рэчыцы (судзілі 5 чалавек), Гомлі (разбіраліся справы трох затрыманых) у Хойніках, Светлагорску, Жлобіне, Петрыкаве. Агулам вядома пра суды над 15 затрыманымі на Гомельшчыне. Вынікі судовых паседжанняў пакуль невядомыя.

На 4 лістапада ў Беларусі палітычнымі вязнямі афіцыйна прызнаныя 1462 чалавекі. Паводле праваабарончай ініцыятывы «Dissidentby», у краіне – 1680 палітзняволеных. Насамрэч іхная колькасць можа быць большая ў некалькі разоў.

Агляд
Вырак галоўнаму рэдактару «Рэгіянальнай газеты», суд над цяжарнай жанчынай. Хроніка рэпрэсіяў за 3 лістапада
2023.11.03 22:39

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў