Больш за 197 тысяч еўраў з марафону салідарнасці ўжо перадалі палітычным вязням ды іхным сем'ям


Прадстаўніцтва Аб’яднанага пераходнага кабінету ў сацыяльнай палітыцы паведамляе пра 197 100 еўраў, пераведзеных палітзняволеным ды іхным семʼям у якасці падтрымання. Гэта частка сродкаў, сабраных беларусамі падчас марафону салідарнасці «Нам не ўсё адно».

197 100 еўраў перададзеныя палітычным вязням ды іхным сем’ям з сумы, сабранай на марафоне салідарнасці «Нам не ўсё адно». Калаж: Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі / Telegram

«Арганізацыі і фонды ўжо перавялі палітвязням і іхным семʼям 197 100 еўраў. Дапамогу атрымалі ў 232 заяўках», – паведамляе прадстаўніцтва ў сацыяльнай палітыцы Абʼяднанага кабінету.

Прадстаўніцтва ўдакладняе, што агулам падчас марафону салідарнасці былі сабраныя 545 740 еўраў, яшчэ каля 12 000 еўраў захоўваецца ў крыптавалюце. З агульнай сумы ў арганізацыі і фонды ўжо перавялі 248 400 еўраў. Найбольш перавялі фонду «BYSOL» – 100 000 еўраў.

  • Праваабарончая ініцыятыва дапамогі палітзняволеным «Dissidentby» – 14 000 еўраў.
  • Дабрачынны фонд «Краіна для жыцця» – 18 000 еўраў.
  • Дабрачынная арганізацыя «Littouwin Lions Club» – 15 000 еўраў.
  • Фонд дапамогі беларусам у Літве «Razam» – 20 000 еўраў.
  • Беларуская рада культуры – 9 500 еўраў.
  • Ініцыятыва «BY_help» – 46 900 еўраў.
  • «Анархічны чорны крыж – Беларусь» – 20 000 еўраў.
  • Фонд беларускай салідарнасці «BYSOL» – 100 000 еўраў.
  • Медыяпраект дапамогі беларускім палітзняволеным жанчынам «Палітвязынка» – 5 000 еўраў.

Онлайн-марафон салідарнасці з палітычнымі вязнямі «Нам не ўсё адно» прайшоў 29–30 ліпеня 2023 года. Колькасць праглядаў у інтэрнэце дасягнула падчас марафону 8,5 мільёна. Сабралі 545 740 еўраў (плюс каля 12 000 у крыптавалюце). Сродкі будуць размеркаваныя паміж 12 беларускімі ініцыятывамі ды арганізацыямі і пойдуць на перадачы, медыкаменты, аплату адвакатаў і фінансавую дапамогу семʼям палітзняволеных.

Стрымы з марафону былі прызнаныя ўладамі Беларусі экстрэмісцкімі матэрыяламі. МУС распачаў крымінальную справу ў дачыненні ўдзельнікаў трансляцыі онлайн-марафону. Падазраванымі названыя «каля 60 асобаў з ліку арганізатараў марафону ды іхных памагатых».

Hавiны
Вольга Гарбунова: ГУБАЗіКу прыйдзецца паднапружыцца – на марафон данацілі з 86 краінаў свету
2023.10.05 17:16

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў