Чэхія прызнала цяперашні рэжым у Расеі тэрарыстычным. Гэткую рэзалюцыю ўхваліў камітэт замежных справаў парламенту рэспублікі, піша выданне «Чэшскія навіны». Раней такія ж заявы прынялі ў Польшчы і Эстоніі.
Чэхія прызнала цяперашні расейскі рэжым тэрарыстычным. За адпаведную рэзалюцыю прагаласавалі 12 з 14 дэпутатаў, што ўваходзяць у камітэт замежных справаў парламенту рэспублікі.
У дакуменце асуджаецца расейскае ўварванне і адзначаецца, што Крэмль «адмаўляе ўкраінскаму народу ў праве на ўласную ідэнтычнасць і незалежнае існаванне». Дзеянні расейскіх войскаў адпавядаюць прыкметам ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці, і вінаватыя ў іх мусяць быць пакараныя, гаворыцца ў рэзалюцыі.
Камітэт замежных справаў таксама падтрымаў высілкі кіраўніка МЗС Чэхіі дзеля стварэння міжнароднага трыбуналу для судовага пераследу за агрэсію і расследавання злачынстваў Міжнародным крымінальным судом.
У рэзалюцыі згадваюцца гэтак званыя «рэферэндумы», праведзеныя на акупаванай тэрыторыі Украіны, і адзначаецца, што Чэхія іх вынікаў не прызнае.
Раней расейскі рэжым прызналі тэрарыстычным Польшча і Эстонія, а таксама Парламенцкая асамблея Рады Еўропы.
Сяргей Крот belsat.eu