«Адчуваю вас як сваю сямʼю». Святлана Ціханоўская выступіла перад беларусамі Варшавы


Лідарка дэмакратычнай Беларусі і кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Святлана Ціханоўская сустрэлася 4 кастрычніка падчас свайго візіту ў Польшчу з беларусамі Варшавы. На плошчы Канстытуцыі польскае сталіцы яе сустрэла авацыямі і воклічамі «Жыве Беларусь!» некалькі сотняў беларусаў.

Лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская на сустрэчы з беларусамі Варшавы, Польшча. 4 кастрычніка 2022 года.
Фота: Павел Крычко

«Ты што тут робіш?» – «Прэзідэнта чакаю…» – «Хэх, не прэзідэнта ты чакаеш, а прэзідэнтку», – падслухалі дыялог беларусаў.

«Заўжды ў Варшаве адчуваю сябе як дома»

Святлана Ціханоўская, адзетая ў строгае чорнае, зʼявілася перад беларусамі разам з чальцамі Абʼяднанага пераходнага кабінету і была сустрэтая гучнымі воплескамі і воклічамі «Жыве Беларусь!». Лідарка Беларусі прывітала прысутных усмешкай і падзякамі. Казала па-беларуску.

«Заўжды ў Варшаве я адчуваю сябе як дома сярод беларусаў, адчуваю вас як сваю сямʼю. Да кожнага з вас падышла б і абняла, але не маю такой магчымасці. Аднак ведайце, што я вас адчуваю», – сказала на пачатку прамовы Святлана Ціханоўская, дзякуючы арганізатарам сустрэчы – «Беларускаму моладзеваму хабу».  

Яна зазначыла, што «ўсе мы стаміліся» за гэтыя цяжкія два гады, але не спыняем задаваць адны і тыя ж пытанні, на якія няма простых адказаў: як доўга гэта працягнецца? калі будуць вызваленыя палітвязні? ці ўдасца захаваць незалежнасць Беларусі?

Лідарка дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская і прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда спаткаліся ў Варшаве, Польшча. 4 кастрычніка 2022 года.
Фота: Павел Крычко

«Я навучыла сябе кожную раніцу пачынаць з пытання: «А што я магу зрабіць сёння, каб наблізіць нашую перамогу, каб хутчэй абняць свайго мужа?» І кожную раніцу я ўключаю песню «Муры », збіраю сілы ў кулак і знаходжу моц, каб ісці наперад», – падзялілася кіраўніца Абʼяднанага пераходнага кабінету.

Яна заклікала штодзень рабіць «малыя справы» – пісаць лісты палітвязням, падтрымліваць полк Каліноўскага, дапамагаць беларусам.

«Такімі малымі справамі робяцца вялікія перамогі. Галоўнае рабіць іх штодзень», – сказала Святлана Ціханоўская.

«Што рабіў Франак Вячорка на Асамблеі ААН?»

Беларуская лідарка коратка распавяла пра ўдзел Кабінету ў Варшаўскім форуме бяспекі, пра сустрэчу з прэмʼер-міністрам і міністрам унутраных справаў Польшчы. Людзі пачалі апладзіраваць, калі Святлана Ціханоўская узгадала пра гуманітарныя візы для беларусаў, якія можна будзе атрымаць на тэрыторыі Польшчы.

Святлана Ціханоўская прадставіла таксама сябраў Абʼяднанага пераходнага кабінету, але папрасіла «не чакаць, калі Кабінет развяжа ўсе праблемы».

«Перамены – гэта задача кожнага з нас. І толькі ад адданай працы кожнага залежыць нашая агульная перамога», – сказала Святлана Ціханоўская.

Пасля 5-хвіліннага выступу Святлана Ціханоўская паспела адказаць на некалькі пытанняў. Беларуска Ірына спытала яе пра палітычную праграму на пераходны перыяд і на будучыню і пра зваротную сувязь з Кабінетам. А таксама задала, як сама акрэсліла, «жаночае» пытанне: «Што рабіў Франак Вячорка на Асамблеі ААН?».

Лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская на сустрэчы з беларусамі Варшавы, Польшча. 4 кастрычніка 2022 года.
Фота: Павел Крычко

«Пачну з трэцяга пытання, хоць не разумею, чаму вы яго назвалі «жаночым». Спадар Вячорка – мой дарадца. І ён быў сябрам дэлегацыі, калі я была з візітам у ААН. Спадар Валер Кавалеўскі таксама быў у Нью-Ёрку разам са мной, і мы рыхтаваліся да сустрэчы разам. Тое, што спадар Вячорка недзе часцей трапляў на фотаздымкі, нічога не значыць», – адказала Ціханоўская.

Што да палітычнай праграмы, то яна абмяркоўваецца і ўжо пішацца, запэўніла лідарка Беларусі. Па яе словах, гэтая праца неўзабаве будзе скончаная.

Аналітыка
Навошта беларускія прадпрымальнікі перабіраюцца ў Польшчу, і што яны тут знаходзяць
2022.10.04 08:33

Наконт зваротнай сувязі Кабінету з беларусамі адказ трымала прадстаўніца пераходнага кабінету Аліна Коўшык. Яна паведаміла, што ўжо створаны чат-бот, які вельмі хутка запусціцца. У ім кожны беларус будзе мець магчымасць пісаць заўвагі і парады для прадастаўнікоў Кабінету. 

Святлана Ціханоўская развіталася з варшаўскімі беларусамі, бо мусіла ехаць на сустрэчу з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам. Пасля адʼезду кіраўніцы Абʼяднанага пераходнага кабінету выступілі ягоныя прадстаўнікі – Павел Латушка, Валер Кавалеўскі, Аляксандр Азараў, Аліна Коўшык.

Лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская на сустрэчы з беларусамі Варшавы, Польшча. 4 кастрычніка 2022 года.
Фота: Павел Крычко

Лідарка дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская разам з сябрамі Абʼяднанага пераходнага кабінету з 2 кастрычніка знаходзіцца з візітам у Польшчы. У панядзелак 3 кастрычніка яна сустрэлася з міністрам унутраных спраў Польшчы Марыюшам Каміньскім, наступным днём узяла ўдзел у Варшаўскім форуме бяспекі, у межах якога спаткалася з амбасадарам ЗША пры АБСЕ Майклам Карпэнтэрам, сенатарам Крысам Мэрфі і міністрам замежных справаў Харватыі Горданам Грлічам-Радманам. Адбыліся таксама перамовы з амбасадарам Украіны ў Польшчы. Перад сустрэчай з беларускай дыяспарай у Варшаве Святлана Ціханоўская мела перамовы з прэмʼер-міністрам Польшчы Матэўшам Маравецкім, а пасля імпрэзы на плошчы Канстытуцыі паехала ў прэзідэнцкі палац Бельвэдэр, дзе мае сустрэцца з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам.

Падчас візіту Святлана Ціханоўская наведала, апроч Варшавы, Кракаў і Беласток, дзе таксама жыве шмат беларусаў. У гэтых гарадах яна паўдзельнічала ў прэзентацыях кнігі «Ледаколка», якую напісаў пра яе польскі журналіст і калумніст «Белсату» Руслан Шошын.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў