Расейскі пілот расказаў, як аддаў Украіне верталёт Мі-8: аперацыю рыхтавалі месяцамі


Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Украіны паказала ў дакументальным фільме «Збітыя лётчыкі Расеі», як зарганізавала ўцёкі расейскага лётчыка і атрымала новы расейскі верталёт Мі-8 АМТШ. Пра аперацыю расказаў і сам уцеклы пілот.

Аперацыю, якой далі кодавую назву «Синиця», рыхтавалі некалькі месяцаў і правялі 9 жніўня 2023 года. 28-гадовы расейскі пілот, капітан Максім Кузняцоў, які служыў у 319-м асобным верталётным палку вайсковай авіяцыі Расеі, сам выйшаў на сувязь з украінскаю выведкай. Ён расказаў, што ўкраінцы прапанавалі яму гарантыі бяспекі, новыя дакументы і ўзнагароду, яны разам пачалі планаваць ягоны пералёт па бяспечным калідоры:

«Ляцеў на гранічна малой вышыні ў рэжыме радыёмаўчання. Ніхто не ведаў, што са мною. Відаць, 3–4 дні ніхто не разумеў, што адбылося».

Падчас аперацыі Кузняцоў атрымаў раненне, але даляцеў паспяхова, прызямліўся і атрымаў медычную дапамогу. Цяпер ён дае Украіне звесткі пра расейскую авіяцыю, сістэмы сувязі і аэрадромную сетку. Ад яго Украіна атрымала не толькі верталёт, але і дакументацыю дысакрэтнае тэхнічнае абсталяванне.

Сваймі матывамі Кузняцоў назваў непрыманне расейскай вайны ва Украіне і нежаданне браць удзел у ваенных злачынствах. Ён растлумачыў, што лічыць цяперашнія падзеі генацыдам як украінскага народу, гэтак і расейскага, кажа, «ніхто не хоча гэтай вайны». Кузняцоў упэўнены, што Украіна ў вайне пераможа, і заклікае іншых расейскіх лётчыкаў кіравацца ягоным прыкладам.

За баявы верталёт ці карабель 3-га і 4-га рангаў Украіна абяцае расейцам паўмільёна долараў, за баявы самалёт або карабель 1-га і 2-га рангаў – мільён, за танк ці самаходную артылерыйскую сістэму – 100 тысяч долараў, за бронемашыну пяхоты або бронетранспарцёр – 50 тысячаў, за рэактыўныя сістэмы залпавага агню – ад 25 да 35 тысяч долараў, за шэраг іншай тэхнікі – 10 тысячаў.

Раней начальнік ГУР Украіны Кірыла Буданаў расказваў, што ўдалося вывезці не толькі Кузняцова, але і ягоную сям’ю, а экіпаж верталёта Кузняцова не ведаў, што адбываецца, пакуль не аказаўся ва Украіне. Ды па прызямленні ў Харкаўскай вобласці два чальцы экіпажу спрабавалі ўцячы ды былі забітыя, хоць іх хацелі ўзяць жывымі. Таксама раней паведамлялася, што верталёт Кузняцова перавозіў дэталі да знішчальнікаў Су-27 і Су-30 СМ.

Аналітыка
Якой зброі Украіне бракуе для перамогі, і чаму Захад марудзіць з пастаўкамі
2023.08.21 16:58

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў