За жнівень у Беларусі выпалі амаль дзве месячныя нормы ападкаў

Наступствы залевы ў Беларусі. Фота: mchs.gov.by

За жнівень у сярэднім па Беларусі выпала 120,7 мм ападкаў, што склала 180% кліматычнай нормы. Больш за ўсё ападкаў выпала на Берасцейшчыне – 247% кліматычнай нормы, паведамілі ў Белгідрамеце.

Дажджы ў асноўным насілі ліўневы характар, месцамі суправаджаліся навальніцамі. У асобных раёнах дажджы дасягалі крытэрыяў небяспечнай з’явы. Месцамі ноччу і раніцай назіраліся туманы.

Месцамі адзначалася ўзмацненне ветру парывамі да 15 м/с і больш. Максімальная хуткасць ветру адзначана на станцыі Ворша 2 жніўня (22 м/с).

У Барысаве залева затапіла дарогі. Жыхары гораду сумняюцца, што ліўнёўка працуе

Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за жнівень склала 17,5°С, што вышэй за кліматычную норму на 0,2°С. Пры гэтым на Магілёўшчыне норма была перавышаная на 1,1°С, а на тэрыторыі Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны сярэдняя тэмпература была ніжэй за норму на 0,5°С.

Максімальнае значэнне тэмпературы паветра за месяц адзначана на станцыі Брагін 17 жніўня і склала + 34,3°С. Мінімальнае значэнне тэмпературы (+ 1,0°С) было адзначана на станцыі Езярышча 25 жніўня.

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны