Паралельна з канферэнцыяй «Новая Беларусь» праўладныя сілы зладзяць свой форум


Праўладны «Форум патрыятычных сілаў» збіраецца абмеркаваць «развіццё грамадзянскай супольнасці», а «Белая Русь» усё яшчэ хоча стаць партыяй.

Прыхільнікі Лукашэнкі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Удзельнікі мітынгу прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі каля Камароўкі. Менск, Беларусь. 25 жніўня 2020 года.
Фота: ДД / Белсат

Старшыня праўладнай арганізацыі «Белая Русь» Алег Раманаў анансаваў правядзенне 9 жніўня ў Менску «Форуму патрыятычных сілаў».

Каналы сілавікоў сцвярджаюць, што форум правядуць у будынку Купалаўскага тэатру. У неафіцыйных анонсах пішуць пра ўдзел разам з «Белай Руссю» праўладнага «Беларускага саюзу журналістаў» і праўладнай «Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі», БРСМ, таварыства «Знание» і іншых.

На форуме збіраюцца «зверыць гадзіннікі ў пытанні развіцця грамадзянскай супольнасці» і «прааналізаваць, якія ўрокі вынесеныя і якія яшчэ трэба вынесці» з пратэстаў 2020 года.

Таксама «Белая Русь» хоча вынесці на абмеркаванне пытанне партыйнай сістэмы Беларусі. «Белая Русь» неаднаразова заяўляла, што гатовая стаць партыяй, але за амаль 15 гадоў не адважылася. «Белая Русь» фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту і фармальна налічвае пад дзве сотні тысяч удзельнікаў.

Артыкулы
Франак Вячорка пра Кангрэс і спрэчкі дэмсілаў: Нашая задача – аб’яднаць усіх, невырашальнага крызісу няма
2022.07.25 21:10

Тым часам штаб Святланы Ціханоўскай разам з BYPOL і іншымі партнёрамі рыхтуе ў Вільні канферэнцыю «Новая Беларусь», якая мае прайсці 8-9 жніўня. Туды запрашаюць ахвочых абмеркаваць далейшыя планы супрацьстаяння рэжыму Лукашэнкі. Перад канферэнцыяй збіраюць меркаванні аб тым, што трэба змяніць у дзейнасці дэмакратычнай супольнасці – анкету можна запоўніць у тым ліку тым, хто не зможа выехаць з Беларусі.

Форум праўладных сілаў і канферэнцыя «Новая Беларусь» прымеркаваныя да другой гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Праўладныя сілы мяркуюць, што на тых выбарах перамог Аляксандр Лукашэнка, а сілавікі здушылі «масавыя беспарадкі» (як улады называюць мірны пратэст). Аднак аналіз звестак платформы «Голас» паказаў, што Лукашэнка набраў тады каля 34 % галасоў, Ціханоўская – 56 %, то бок перамагла ў першым туры. Улады знішчылі бюлетэні і іншую дакументацыю адразу пасля выбараў.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў