Афіцыйна гадавая інфляцыя ў Беларусі сёлетнім чэрвенем склала 17,6 %. Пры гэтым беларусы скардзяцца, што насамрэч цэны выраслі нашмат больш, чым сведчыць дзяржаўная статыстыка. «Белсат» параўнаў леташнія і сёлетнія цэны ў онлан-гіпермаркеце і паглядзеў, на колькі за год падаражэлі харчы.
Онлайн-гіпермаркет e-dostavka.by летась у якасці рэкламы на старонках паведамляў, што крама вяртае ранейшыя цэны і будзе іх трымаць. Сёлета такой рэкламы больш няма. Параўнанне прадуктаў у пэўных катэгорыях сведчыць, што абяцання стрымаць не ўдалося.
Для параўнання «Белсат» знайшоў цэны на прадукты ў гэтай краме ў пачатку леташняга жніўня і цэны, пазначаныя на старонцы цяпер.
«Белсат» падлічыў, што свініна (параўналі цэны на лапатку) стала даражэйшай амаль на 4 рублі, або больш чым на 40 %. Рыба (для параўнання ўзялі мінтай) за год падаражэла на 2 рублі, або амаль на 50 %. Цана на яйкі вырасла за год амаль на 1 рубель, або на 59 %.
Істотна сталі адрознівацца за год цэны на смятану, хлеб і алей. Гэта якраз прадукты, цэны на якія абяцала кантраляваць дзяржава.
За год алей падаражэў у беларускіх крамах на больш чым 1,5 рубля, ці на 63 %. Цукар стаў даражэйшым на 0,83 рубля, ці на 48 %. Сярод іншых сацыяльна значных тавараў, цэны на якія рэгулюе дзяржава, таксама відаць падаражэнне. Гэтак, цэны на муку выраслі на 0,31 рубля, або на 24 %. Шакалад стаў даражэйшым на 0,7 рубля капеек, або на 57 %.
Адсюль можна зарабіць выснову, што інфляцыйныя адчуванні грамадзянаў краіны апраўдана перавышаюць агучаныя афіцыйна 17 % росту цэнаў. Беларусы скардзяцца, што заробку не хапае, каб пражыць месяц. Да таго ж, афіцыйна пры росце цэнаў назіраецца падзенне заробкаў.
Мікалай Каткоў belsat.eu