Колькі студэнтаў вывучацца на праграмістаў, дыпламатаў і журналістаў? Глядзім планы прыёму беларускіх ВНУ


Апошнія цэнтралізаваныя тэсты ў Беларусі пройдуць 6 ліпеня, апошні рэзервовы дзень – 16-га. З 18 ліпеня пачынаецца прыём дакументаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Колькасць месцаў у параўнанні леташняю амаль не змянілася, але пераразмеркаванне паміж спецыяльнасцямі ёсць. Дзе і колькі чакаюць абітурыентаў?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будынак БНТУ на праспекце Незалежнасці. Менск, Беларусь. 25 лютага 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

На першую ступень вышэйшай адукацыі ў Беларусі ў 2022 годзе плануюць прыняць 53,5 тыс. абітурыентаў (яшчэ 39,5 тыс. – на сярэдне-спецыяльную адукацыю, і 26,7 тыс. – на прафесійна-тэхнічную).

Гэтыя лікі нязначна меншыя за планы 2021 года, нягледзячы на палітычны крызіс, масавыя рэпрэсіі і хаўрусніцтва беларускіх уладаў у расейскім нападзе на Украіну. Тады на вышэйшую адукацыю збіраліся прыняць 54,9 тыс. асобаў (39,6 тыс. на сярэдне-спецыяльную, тыя ж 26,7 тыс. на прафесійна-тэхнічную).

То бок план прыёму ў ВНУ зменшылі на 2,55 % ад плану-2021 і плану-2020 (яны былі практычна аднолькавыя ў суме), на 1,83 % ад плану дакрызісна-даковіднага 2019 года. Адпаведна, і планы прыёму ў асобныя ВНУ не змяніліся радыкальна.

Hавiны
Дзе атрымаць еўрапейскую адукацыю? Агляд магчымасцяў для беларусаў
2022.05.28 08:40

Маштабы зменаў на прыкладзе дзённай формы ў БДУ

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт сёлета плануе прыняць 4224 «звычайных» студэнтаў і яшчэ 263 – паводле інтэграваных планаў з сярэдне-спецыяльнай адукацыі. Гэта менш за мінулы план прыёму БДУ на 325 «звычайных» студэнтаў і на 89 – з інтэграваных планаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будынак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. 26 лютага 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

На дзённую бюджэтную адукацыю плануюць прыняць 2100 асобы (плюс яшчэ 14 – паводле інтэграваных планаў з сярэдне-спецыяльнай адукацыі), гэта на 24 абітурыенты менш за 2021 год (і на 4 менш паводле інтэграваных планаў). Платнікаў на дзённае запланавана – 1571 (і 17 з інтэграваных планаў), што на 196 асобаў менш за 2021 год (мінус 10 з інтэграваных планаў). Завочнікаў-бюджэтнікаў плануюць узяць 131 (і 63), што на 28 (і 7) менш за мінулы год, завочнікаў-платнікаў – 422 (і 169), што менш на 77 (і 68).

Механічна-матэматычны (фактычна – часткова «айцішны») факультэт страціў 40 бюджэтных месцаў і дадаў 10 платных. Набіраць перасталі па 20 бюжэтнікаў на «матэматыку – эканамічную дзейнасць» і «матэматыку – навукова-канструктарскую дзейнасць», па 5 лішніх платнікаў узялі на «ўэб-праграмаванне» ды «камп’ютарную матэматыку і сістэмны аналіз». Факультэт дастасоўнай матэматыкі і інфарматыкі страціў 31 бюджэтнае месца і 4 платныя, чыста «айцішны» радыёфізічны факультэт страціў 27 бюджэтнікаў і 5 платнікаў, фізічны факультэт – 10 бюджэтнікаў і 2 платнікаў.

На факультэце журналістыкі: плюс 3 бюджэтнікі (агулам 91) і мінус 11 платнікаў (засталося 9). На біяфаку плюс 5 бюджэтнікаў, мінус 10 платнікаў, гістфак і хімфак набіраюць столькі ж. Плануюць узяць больш філосафаў (плюс 8 бюджэтнікаў, мінус 3 платнікі) і філолагаў (плюс 10 бюджэтнкаў, мінус 5 платнікаў). На факультэце міжнародных адносінаў плюс 13 бюджэтнікаў і мінус 47 платнікаў. На эканамічным факультэце плюс 4 бюджэтнікі і мінус 10 платнікаў, на юрфаку – плюс 1 бюджэтнік, мінус 3 платнікі, на факультэце сацыяльных камунікацыяў – плюс 18 бюджэтнікаў, мінус 18 платнікаў.

У Інстытут бізнесу чакаюць на 40 платнікаў менш (на бюджэт там не набіраюць) за кошт таго, што набор на «менеджмент – фінансавы і інвестыцыйны, сацыяльна-адміністрацыйны, нерухомасці» зменшыўся на 55 асобаў (крыху больш месцаў прапаноўваюць на некаторыя іншыя спецыяльнасці). У Інстытуце тэалогіі планы тыя ж, у экалагічным інстытуце Сахарава бюджэтнікаў столькі ж, платнікаў на 48 менш (удвая скарацілі набор платнікаў на «медычную экалогію»).

На вайсковым факультэце (там толькі бюджэтнікі) збіраюцца прыняць 13 (мінус 2) хімікаў, 11 (плюс 5) правазнаўцаў, 7 (плюс 3) географаў, 10 (без зменаў) перакладчыкаў, 10 (без зменаў) міжнароднікаў, 10 (без зменаў) крыптографаў.

Інтэрв’ю
Ад 1300 да 2000 долараў: ці каштуе сваіх грошай платнае навучанне ў беларускіх ВНУ
2022.04.19 09:00

Што ў іншых універсітэтах

Агулам у Беларусі 49 установаў вышэйшай адукацыі. Вось як змяніўся набор у некаторых з іх.

Другі пасля БДУ паводле масавасці – «тэхнарскі» БНТУ. У яго плануюць набраць 4271 студэнта, што на 342 менш за мінулы год. Бюджэтнікаў на дзённае возьмуць 2366 (мінус 261 ад мінулага года), платнікаў на дзённае – 660 (мінус 44), бюджэтнікаў-завочнікаў – 615 (мінус 2), платнікаў-завочнікаў – 630 (мінус 17).

У «айцішным» БДУІР набор плануюць меншым на 26 асобаў – а набіраць збіраюцца агулам 2969 студэнтаў. На дзённае – плюс 54 бюджэтнікі і мінус 8 платнікаў, на дзённае мінус 1 бюджэтнік і плюс 6 платнікаў, на завочнае платнае мінус 3 платнікі, на дыстанцыйнае плюс 5 бюджэтнікаў. Пры тым на вайсковым факультэце мінус 34 месцы.

Эмблема БДУІР на будынку на вуліцы Петруся Броўкі. Менск, Беларусь. 25 лютага 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Медыкаў трэба больш, чым летась: у БДМУ плануюць прыняць 740 (плюс 60, з якіх 55 – на мэтавы прыём) бюджэтнікаў і 300 (мінус 10) платнікаў. Возьмуць больш на стаматалогію, менш на прафілактыку і фармацыю, крыху больш – на лекавую справу для Узброеных сілаў.

Эканамістаў у БДЭУ плануюць прыняць: бюджэтнікаў на дзённае 867 (мінус 13), платнікаў на дзённае 970 (без зменаў), бюджэтнікаў-завочнікаў 364 (мінус 6), платнікаў-завочнікаў 991 (мінус 65).

Настаўнікаў у БДПУ імя Танка трэба столькі ж на бюджэт (885, сярод якіх на 9 больш «мэтавых»), але на 40 платнікаў менш (мінус 30 на факультэт фізічнага выхавання).

Аграрыяў у БДАТУ чакаюць роўна столькі ж, колькі летась: 465 бюджэтнікаў на дзённую форму, 221 платніка на дзённую, 125 бюджэтнікаў-завочнікаў і 896 платнікаў-завочнікаў. Змены між спецыяльнасцямі нязначныя: крыху больш на «тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці», крыху менш на «рамонтна-абслуговую вытворчасць у сельскай гаспадарцы».

Лінгвістаў у МДЛУ таксама чакаюць столькі ж і на бюджэт (625), і на платную адукацыю (955). Хіба платнікаў стане больш у спецыяльнасцях выкладання замежных моваў і менш у спецыяльнасцях перакладу і міжкультурных камунікацыяў.

Hавiны
Беларусь не выключылі з Балонскага працэсу, але пакаралі. Разбіраемся, што адбылося
2022.06.08 21:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў