Памёр скульптар Леў Гумілеўскі – аўтар помнікаў Купалу, Багдановічу і Караткевічу


Леў Гумілеўскі.
Фота: Беларускі саюз мастакоў / Belarusian Union of Artists / Facebook

3 ліпеня ў веку 90 гадоў пасля працяглай хваробы пайшоў з жыцця вядомы беларускі скульптар Леў Гумілеўскі, народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

Развітанне з Львом Гумілеўскім адбудзецца ў аўторак 6 ліпеня ў жалобнай зале па адрасе Кульман 33а з 10.00 да 11.00, паведамілі ў Беларускім саюзе мастакоў.

Нарадзіўся 31 кастрычніка 1930 году ў Маскве. Ягоная маці была родам з хутара Жэрнелішкі Браслаўскага раёну Віцебскай вобласці. З 1933 года жыве ў Беларусі. Вучыўся ў студыі выяўленчага мастацтва ў Нясвіжы, Менскай мастацкай вучэльні і Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце.

Выкладаў мастацкія дысцыпліны і скульптуру ў Менскай дзіцячай мастацкай школе (1961-1962), Менскай мастацкай вучэльні (1962-1966), Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (1968-1972), Творчых акадэмічных майстэрнях жывапісу, графікі і скульптуры (1993-2010).

Помнік Янку Купалу, суаўтарам якога быў Леў Гумілеўскі.
Фота: Беларускі саюз мастакоў / Belarusian Union of Artists / Facebook

Больш за паўстагоддзя Леў Гумілеўскі плённа і паспяхова працаваў у галіне станковай і манументальнай скульптуры. Сярод ягоных твораў пластычныя вобразы Максіма Багдановіча, Мікалая Гусоўскага, Кастуся Каліноўскага, Янкі Купалы, Адама Міцкевіча, Міхаіла Агінскага, Канстанціна Астрожскага, Аляксандра Пушкіна, князёў Радзівілаў, Сяргея Рахманінава, Францішка Скарыны, Уладзіслава Сыракомлі, Аляксандры Клімавай, Уладзіміра Караткевіча, Міхаіла Савіцкага, Анатоля Сыса, Максіма Танка і інш.

За сваю творчасць атрымаў званне Народнага мастака Беларусі (1991). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1974) за помнік Янку Купалу ў Менску ў суаўтарстве з Анатолем Анікейчыкам і Андрэем Заспіцкім ды розных іншых узнагародаў.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў