«Я вельмі баюся за тваё здароўе». Сястра Марыі Калеснікавай запісала кранальны відэазварот


Палітзняволеная Марыя Калеснікава знаходзіцца за кратамі ўжо 1000 дзён, апошнія тры месяцы сваякі не маюць з ёй ніякай сувязі.

4 чэрвеня спаўняецца роўна 1000 дзён са дня выкрадання Марыі Калеснікавай спецслужбамі Аляксандра Лукашэнкі. Сястра палітзняволенай Таццяна Хоміч запісала да гэтага дня кранальны відэазварот да Марыі.

«Любімая сястра, сёння тысяча дзён як цябе выкралі. І тысяча дзён як мы не можам бачыць і абняць адзін аднаго, размаўляць гадзінамі напралёт, сустракацца з сямʼёй. Ты не можаш граць на флейце любімую сучасную музыку, крэатывіць, працаваць над новымі праектамі.

Вось ужо больш за тры месяцы ў нас няма сувязі з табой. Ні званкоў, ні лістоў, ні сустрэч, ні спатканняў з адвакатам. Апошні ліст ад цябе мне быў у пачатку лютага: тады ты казала, што моцна страціла ў вазе, але ўжо пачала набіраць. Цікавілася маімі поспехамі ў вучобе і праектамі. Але, імаверна, так і не атрымала мае адказы.

Як ты зараз сябе адчуваеш? Ці ўсё ў парадку з тваім здароўем? Дзе ты цяпер? Чаму няма лістоў? У чатырох сценах ПКТ? Я не ведаю адказу на гэтыя пытанні. Бо цябе, як і многіх іншых, хаваюць ад нас і ўсяго свету.

А яшчэ ў мяне часта пытаюцца, ці баюся я, што ты моцна зменішся пасля столькіх гадоў калоніі. Я дакладна ведаю, што не. Тваёй сіле духу і стойкасці можна пазайздросціць. Але так, я вельмі баюся за сваё здароўе. Ведай, што б не здарылася, мы ёсць адзін у аднога», – гаварыць у звароце Таццяна Хоміч.

Нагадаем, у верасні 2021 года Марыю Калеснікаву пакаралі 11 гадамі зняволення паводле абвінавачанняў у «змове з мэтаю захопу ўлады», «закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі» і «стварэнні экстрэмісцкага фармавання».

У канцы лістапада 2022 году ў палітзняволенай у гомельскай калоніі пачаўся крызіс са здароўем, калі «да праблемаў з ціскам, млосцю і стратаю прытомнасці дадаўся пакутлівы боль у страўніку». Калеснікаву завезлі ў шпіталь хуткай дапамогі, дыягнаставалі прабадзенне язвы, зрабілі аперацыю. Пазней яе перавялі ў медсанчастку калоніі, дзе дазволілі пабачыцца з бацькам. Незадоўга да шпіталізацыі яе змясцілі на 10 содняў у штрафны ізалятар.

Hавiны
Марыя Калеснікава надалей мае праблемы са здароўем
2023.05.22 17:38

У студзені 2023 году стала вядома, што Калеснікаву вярнулі з медсанчасткі ў атрад і накіравалі на працу. У лютым з ёй цалкам знікла сувязь, лісты не даходзяць і адваката да яе не дапускаюць, а адміністрацыя гомельскай калоніі ніякай інфармацыі пра стан палітзняволенай сваякам не дае. Паводле непацверджаных звестак Марыя можа знаходзіцца ў ПКТ.

Каментар
Нават акуляры бывае цяжка перадаць. Чаму мы мала ведаем аб здароўі палітвязняў – і што рабіць
2023.04.28 17:41

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў