У Беларусі захоўваецца надзвычайная пажарная небяспека


На нядзелю-панядзелак 4-5 чэрвеня на большай частцы тэрыторыі Гомельскай вобласці, а таксама на астатняй тэрыторыі рэспублікі месцамі захаваецца надзвычайная пажарная небяспека (5 клас гарымасці), паведамляе «Белгідрамет».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: tver.ru

У панядзелак 5 чэрвеня надзвычайная пажарная небяспека (5 клас гарымасці) распаўсюдзіцца на большую частку Менскай вобласці. Хаця месцамі па краіне і ў наваколлі Менску назіраюцца замаразкі 0..-2°С.

Таксама ў 16 раёнах Гомельскай і Магілёўскай абласцей знялі абмежаванні на наведванне лесу. У Гомельскай вобласці гэта Рэчыцкі, Кармянскі, Добрушскі, Лоеўскі, Веткаўскі, Жлобінскі, Буда-Кашалёўскі, Рагачоўскі, Гомельскі і Чачэрскі раёны. У Магілёўскай вобласці – Мсціслаўскі, Клімавіцкі, Крычаўскі, Касцюковіцкі, Хоцімскі і Краснапольскі раёны.

Аднак большасць раёнаў на карце Беларусі па-ранейшаму абазначаны чырвоным колерам, наведваць іх нельга.

Карта забаронаў і абмежаванняў на наведванне лясоў на 04.06.2023. Скрыншот: mlh.by

Нагадаем: забарона на наведванне лясоў азначае, што лясы нельга наведваць катэгарычна – у тым ліку для шпацыраў, адпачынку на прыродзе ды іншага. Таксама забараняецца ўезд транспарту, за выключэннем транспарту лесагаспадарчай установы, а таксама органаў, якія ажыццяўляюць кантроль.

Пры ўвядзенні абмежаванняў у лес хадзіць можна – на шпацыр ці збор грыбоў і ягадаў, але ездзіць, распальваць агонь катэгарычна забаронена. Таксама забараняецца ладзіць масавыя імпрэзы.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў