Апалітычныя «экстрэмісты». Як у Расеі сведкі Еговы сталіся ахвярамі судоў і катаванняў


Невялікая рэлігійная арганізацыя «Сведкі Еговы» шмат каму вядомая дзякуючы актыўнай прапаведніцкай актыўнасці. Яны свабодна дзеюць у большасці краінаў свету, у тым ліку ў Беларусі. Але пры гэтым усё ж маецца шэраг краінаў, у якіх рэлігійная дзейнасць сябраў канфесіі актыўна пераследуюцца. Сярод іх – суседняя Расея, дзе з палітычным пераследам сутыкнуліся ўжо сотні сведак.

Гісторыя «Сведкаў Еговы» ў Расеі, ілюстраваная ў музеі Расейскага адміністрацыйнага цэнтру «Сведкаў Еговы» ў Сонечным, Санкт-Пецярбург, Расея. 19 сакавіка 2017 года.
Фота: Alexander Demianchuk / TASS / Forum

Арганізацыя бярэ свой пачатак ад таварыства «Даследнікаў Бібліі», якое ўзнікла ў 1870 годзе ў ЗША. Праз некалькі дзесяцігоддзяў прадстаўнікі з’явіліся і ў Расейскай імперыі, і на тэрыторыі сучаснай Беларусі. На сёння ў свеце налічваюць 8,7 мільёна актыўных сябраў, а ў штогадовых імпрэзах канфесіі бралі ўдзел амаль 20 мільёнаў чалавек.

Сведкі Еговы актыўна дзеюць у большасці краінаў свету. Пры гэтым арганізацыя забароненая ў шэрагу мусульманскіх і камуністычных краінаў Афрыкі ды Азіі. У 2017 годзе дзейнасць канфесіі была забароненая і ў Расеі.

Краіны, у якіх забаронена дзейнасць сведкаў Еговы. Інфаграфіка: Juliabackhausen / Wikimedia

20 красавіка 2017 года Вярхоўны Суд РФ прызнаў экстрэмісцкай дзейнасць «Кіроўнага цэнтру сведкаў Еговы» ў Расеі, забараніўшы яго дзейнасць і ўсіх 395 аддзяленняў на тэрыторыі Расеі. Усе спробы супрацьстаяць гэтаму былі адхіленыя. Экстрэмісцкім прызналі і пераклад Бібліі, якім карысталіся прадстаўнікі канфесіі.

«Нюанс, які ёсць у кожнай канфесіі»

У каментары «Белсату» Яраслаў Сівульскі, які рэпрэзентуе Еўрапейскую асацыяцыю сведкаў Еговы, адзначыў, што да забароны ў Расеі былі 175 тысячаў актыўных сябраў арганізацыі, а з улікам тых, хто наведваў рэлігійныя сходы, лічба дасягала 300 тысячаў.

Паводле Сівульскага, відавочных прычынаў для забароны і рэпрэсіяў у дачыненні арганізацыі ў Расеі не было. У прыватнасці, розныя правяранні ды інспекцыі перад забаронаю не выявілі парушэнняў. У выніку Міністэрства юстыцыі РФ падала пазоў, у якім абвінаваціла арганізацыю ў выкарыстанні публікацыяў, прызнаных раней экстрэмісцкімі.

Яраслаў Сівульскі, сябар Еўрапейскай асацыяцыі сведкаў Еговы. Масква, Расея. 8 лютага 2019 года.
Фота: Tatyana Makeyeva / Reuters / Forum

У звязку з гэтым суразмоўца адлік пераследу канфесіі пачынае не з 2017 года, а з 2009-га, калі ўпершыню ў расейскіх пракурораў з’явіліся прэтэнзіі да публікацыяў сведкаў Еговы. Затым публікацыі сталі дасылаць на рэлігіязнаўчыя і лінгвістычныя экспертызы, у якіх спрабавалі знайсці прыкметы распальвання рэлігійнай варожасці.

«А што яны спрабавалі ўявіць як распальванне рэлігійнай варожасці? Гэты выраз, дзе сведкі Еговы называлі сябе сапраўднымі хрысціянамі ці сапраўднаю рэлігіяй. Гэты маленькі нюанс, які ў кожнай канфесіі ёсць. Кожная лічыць сябе сапраўднаю рэлігіяй. Навошта быць хрысціянінам, калі не лічыць, што ты на правільным шляху да Бога? Вось гэта і было залічана сведкам Еговы, – падкрэсліў Сівульскі.

У выніку некалькі публікацыяў трапілі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, на падставе чаго затым і было вынесенае рашэнне аб ліквідацыі кіроўнага цэнтру і 395 мясцовых арганізацыяў, а таксама аб канфіскацыі іх маёмасці:

«Гэта значыць, на нейкім этапе на ўзроўні дзяржавы было прынятае рашэнне юрыдычным спосабам паставіць сведкаў Еговы па-за законам».

Апалітычнасць як прычына

Паводле Сівульскага, пра сапраўдныя прычыны забароны дзейнасці сведкаў Еговы ў Расеі «можна толькі здагадвацца». У прыватнасці, ён не выключае ролі ў гэтым і крытыкі з боку Русскай праваслаўнай царквы, «якая лічыла нас сектаю, прычым амерыканскай».

«Яны намякалі на тое, што мы не маем расейскага паходжання, таму мы чужыя для Расеі», – распавёў суразмоўца.

Таксама крытыку адчувалі рэлігійныя погляды сведкаў Еговы, як адсутнасць веры ў Тройцу або ў замагільнае жыццё.

Іншаю прычынаю, на думку Сівульскага, магла стаць апалітычнасць прадстаўнікоў канфесіі:

«Як Ісус не хацеў быць царом у тагачаснай габрэйскай сістэме, ён сказаў: «Маё Царства не ад гэтага свету». Так і сведкі Еговы не хочуць браць удзелу ў палітыцы. Мы нейтральныя. Мы не бяром удзелу ў палітыцы. Не змагаемся за ўладу. Не галасуем за нейкіх канкрэтных кандыдатаў. Вось гэта, можа быць, таксама было адною з прычынаў».

120 палітычных вязняў

За шэсць гадоў пасля забароны дзейнасці сведкаў Еговы ў розных гарадах Расеі прайшлі ўжо каля 2000 ператрусаў або рэйдаў.

«Гэта калі ўначы або ранняю раніцай урываюцца цяжка ўзброеныя супрацоўнікі АМАПу або ФСБ з крыкамі «Ляжаць, усім на падлогу!». Часам гэта суправаджаецца таксама фізічным гвалтам. Дзеці плачуць. Адбываецца класічнае маскі-шоу, як перад захопам нейкіх злачынцаў. Гэта, вядома, ганьба для праваахоўных органаў», – распавёў Сівульскі.

Аналітыка
Царква разладу. Чаму і навошта ўкраінскія ўлады ўзяліся за УПЦ
2023.01.07 07:00

Больш за 600 чалавек ужо зазналі рознага роду пераслед у выглядзе пазбаўлення волі, хатняга арышту, падпіскі аб нявыездзе, штрафу або ўмоўнага тэрміну. У тым ліку цяпер каля 120 чалавек застаюцца альбо ў следчым ізалятары, альбо ўжо адбываюць пакаранне.

Некаторыя сябры арганізацыі былі вымушаныя пакінуць Расею, але «ўсё ж пераважная большасць засталіся і нікуды не з’ехала».

«Рэпрэсіі працягваюцца і будуць працягвацца штодзень. Штотыдзень мы атрымліваем паведамленні пра новыя ператрусы, затрыманні, крымінальныя справы і гэтак далей», – заявіў суразмоўца.

Сутыкнуліся з рэпрэсіямі і сябры, якія жывуць на акупаваных Расеяй тэрыторыях Украіны.

Юрыдычны парадокс

Пры гэтым, як распавёў Сівульскі, пленум Вярхоўнага Суда РФ выйшаў з тлумачэннямі, што вызнаванне сведкамі Еговы сваёй рэлігіі не ёсць экстрэмізмам. У тым ліку збірацца суполкамі, спяваць песні, маліцца.

«Але тым не менш праваахоўныя органы як бы заплюшчваюць вочы і не рэагуюць на гэтае тлумачэнне. Яны працягваюць сваю дзейнасць у ранейшым абʼёме, з ранейшай інтэнсіўнасцю», – распавёў суразмоўца.

Пасля тлумачэння пленуму Вярхоўнага Суда ў некаторых рэгіёнах Расеі нават вынеслі некалькі апраўдальных прысудаў. Напрыклад, ва Уладзівастоку суд у 2021-м апраўдаў затрыманага тры гады раней сведку Еговы Змітра Бармакіна. Але генеральная пракуратура скіравала пратэст на апраўдальны прысуд, і 27 красавіка 2023-га верніка асудзілі на 8 гадоў калоніі.

Горш, чымся ў СССР

Сведкаў Еговы пераследавалі ў тым ліку і ў СССР. У 1951 годзе з Заходняй Беларусі і Украіны, краінаў Балтыі і Малдовы былі выселеныя ў Сібір больш за 8500 асобаў, у тым ліку бацькі Яраслава Сівульскага.

Музей Расейскага адміністрацыйнага цэнтру сведкаў Еговы ў Сонечным, Санкт-Пецярбург, Расея. 19 сакавіка 2017 года.
Фота: Alexander Demianchuk / TASS / Forum

Аднак, паводле суразмоўцы, у СССР «барацьба ішла на ідэалагічным узроўні, праваахоўныя органы не займаліся жорсткімі рэпрэсіямі, як гэта адбываецца, напрыклад, у сучаснай Расеі»:

«У той час больш КДБ працавала супраць сведкаў Еговы, каб пераканаць іх. Задачаю было перавыхаваць і зрабіць з іх атэістаў або камуністаў. Бо вера ў Бога лічылася анахранізмам, перажыткам мінулага, перажыткам царскага часу. У Савецкай Расеі вернікаў не павінна было быць», – распавёў Сівульскі.

У дзяцінстве Яраслаў быў відавочцам ператрусаў, але іх праводзіў участковы з групаю следчых, «не было ніякіх аўтаматаў, не было ніякіх маскі-шоу, проста ўсё мірна праходзіла».

«Цяпер сведкаў Еговы сталі вінаваціць у экстрэмізме, што цалкам абсурдна, але тым не менш гэта адбываецца. І таму ўжываецца ўвесь гэты рэпрэсіўны апарат сучаснай дзяржавы супраць мірных людзей».

Акрамя таго, цяпер у дачыненні сведкаў Еговы таксама ўжываюць катаванні. Напрыклад, у 2019 годзе затрыманыя вернікі заявілі, што на іх надзявалі мяшкі, білі іх электрашокерамі, у тым ліку ў інтымныя месцы, наносілі ўдары па нагах.

«Гэта было вельмі жорстка. Такога я не памятаю ў савецкі час», – адзначыў Сівульскі.

Такім чынам, заявіў суразмоўца, цяперашнія рэпрэсіі ў дачыненні арганізацыі адрозніваюцца ад савецкіх «сваёй жорсткасцю, абсалютнаю неапраўданасцю, абсалютна не матываванаю жорсткасцю ды інтэнсіўнасцю».

Інтэрв’ю
«Хрыстос не возьмецца за аўтамат». Велікодная размова са святаром Аляксандрам Шрамком
2022.04.24 08:50

Макар Мыш / Авер /ІР belsat.eu

Стужка навінаў