Прэзідэнт Польшчы прыняў польскіх актывістаў, вызваленых з-пад беларускага арышту


Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Фота – Andrzej Hrechorowicz/KPRP

«Мы не дапусцім, каб беларускі народ і польскі народ пасварыліся. Ілжывыя абвінавачванні ў прапагандзе нацызму – подлыя», – заявіў сёння прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда пасля сустрэчы з актывістамі, вызваленымі з-пад арышту ў Беларусі.

Прэзідэнт размаўляў на канферэнцыі з прадстаўнікамі польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі: Ірэнай Бярнацкай і Марыяй Цішкоўскай з Галоўнага праўлення Саюзу палякаў Беларусі і Ганнай Панішэвай, дырэктаркай польскай школы ў Берасці, якія ў Польшчы з 25 траўня.

Анджэй Дуда падкрэсліў, што да нядаўняга часу яны былі ў турме ў Беларусі, іх вызвалілі дзякуючы дыпламатычным намаганням польскіх уладаў, што цягнуліся некалькі тыдняў.

Напачатку прэзідэнт падкрэсліў, што польская меншасць у Беларусі ёсць неадʼемнай часткаю беларускага грамадства. Ён дадаў, што міжнародныя канвенцыі гарантуюць ёй права клапаціцца пра сваю спадчыну і развіваць уласную нацыянальную культуру. Правы меншасцяў таксама гарантаваныя польска-беларускім пагадненнем 1992 года, якое шмат гадоў паважалася, а цяпер парушаецца беларускім бокам, адзначыў прэзідэнт.

Прэзідэнт пагутарыў з прадстаўнікамі польскай дыяспары пра два месяцы, якія яны правялі ў беларускім СІЗА. Іх абвінавацілі ў «рэабілітацыі нацызму» і «распаўсюджванні нацыянальнай варожасці». Таксама абмяркоўвалася пытанне польскіх школаў, польскага скаўтынгу і лёсу Саюзу палякаў у Беларусі, прэзідэнт якога Анджэліка Борыс застаецца пад вартаю, а шматлікім актывістам давялося эміграваць.

«Я хацеў бы падкрэсліць вельмі рашуча: польскія ўлады і я, як прэзідэнт Рэспублікі Польшча, буду рабіць усё, каб палякі і беларусы не былі падзеленыя», – заявіў Дуда.

Ён падкрэсліў, што цяперашнія ўлады Беларусі пераследуюць Саюз палякаў у Беларусі.

«Спроба падзяліць палякаў з беларусамі такім чынам праз ілжывыя абвінавачанні ў прапагандзе нацызму, што, відавочна, было драмай як для беларусаў, так і для палякаў падчас Другой сусветнай вайны, што прывяло да знішчэння семʼяў, гнюснае абвінавачанне, гэта жудаснае абвінавачанне», – заявіў прэзідэнт.

«Але я хацеў бы вельмі рашуча падкрэсліць, што мы не дапусцім сварак нашых грамадстваў», – падкрэсліў Дуда.

Ганна Панішэва выступіла ад імя лідараў польскай меншасці ў Лідзе, Берасці і Ваўкавыску:

«Спадар прэзідэнт, я хацела б выказаць вялікую ўдзячнасць […] за вызваленне нас з турмы, у якую мы трапілі паводле абсурднага абвінавачання. Мы павінны былі абараняць сваю годнасць, годнасць праклятых салдатаў і годнасць Польшчы. Мы робім гэта ў Беларусі гадамі, але сёлета за гэта пасадзілі не толькі нас, але і іншых. Я спадзяюся, што мы разам будзем бараніць добрае імя Польшчы, у тым ліку палякаў у Беларусі. І што ніхто ніколі не падзеліць беларускую нацыю і польскую».

Таксама сёння з прэзідэнтам Рэспублікі Польшча сустрэліся лідары беларускай апазіцыі – Павел Латушка, які цяпер у эміграцыі ў Варшаве, і Святлана Ціханоўская, якая ўчора прыехала з Вільні. Палітыкі паразмаўлялі з беларусамі, што жывуць у Польшчы, і абмеркавалі неабходнасць прызнаць рэжым Аляксандра Лукашэнкі тэрарыстычным.

pj/belsat.eu

Стужка навінаў