Чаму Лукашэнка палохае чыноўнікаў вайною?


Аляксандр Лукашэнка не можа спаць спакойна. Побач, пад Бранскам, падарвалі цягнік з ягонай саляркай для рашысцкіх танкаў. Камітэт дзяржаўнай бяспекі дакладае, што паўсюль арудуюць замежныя дыверсанты – і на межах, вядома, вельмі неспакойна. А Лукашэнка ваяваць не хоча – ён вайны баіцца, нават салярку расейскім танкам пастаўляць баіцца, але трэба. Сакрэтную нараду з сілавікамі правесці таксама трэба, яе нельга пераносіць, хоць пасля аблёту перыметру межаў, супакойвання электарату і запалохвання чыноўнікаў хацелася б адпачыць. Але не даюць.

Турнэ па гарадах Беларусі працягваецца. На мінулым тыдні Лукашэнка адарыў сваім візітам Ветку – мястэчка пад Гомлем. Масоўку падабралі адпаведна постсавецкім трэндам: удзячную, працавітую і шматнацыянальную. Ад шматдзетнай маці з Украіны да жанчыны з Узбекістану.

– Я хачу, каб тут мае ўнукі раслі, праўнукі. Я застануся тут да канца жыцця. Самае галоўнае, каб вы гэтак сама падтрымлівалі мір, каб у нас гэтак сама свяціла сонца. Нам толькі мір патрэбны.

– Я ваяваць не хачу, – адказвае Лукашэнка.

– Мы таксама не хочам!

Думка запушчаная ў масы. Народ можа спаць спакойна. Не ўвесь, вядома, – чыноўнікам не да сну.

«Меры павінны быць ваенныя, самыя жорсткія. Не чакайце асобных указанняў. У аснове ўсяго – дысцыпліна», – заявіў Лукашэнка на апошняй нарадзе.

Тэма вайны ў Лукашэнкавай рыторыцы цяпер гучыць даволі часта. Для яго сітуацыя пакуль даволі зручная. Вайною можна запужаць, падняць давер насельніцтва і атрымаць прэферэнцыі ў выглядзе прамысловасці, перабудаванай дзеля рамонту расейскай вайсковай тэхнікі. Але, вядома, з улікам таго, што ўскосна Лукашэнка ў вайне ўдзельнічае, дбаць пра бяспеку дзяржавы, а насамрэч пра ўласную бяспеку, – варта.

Паводле каардынатара экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзіма Мажэйкі, Лукашэнку страшна, ці не перакінецца вайна нейкім чынам на Беларусь.

«Ён, вядома, за гэта ўсё яшчэ і адказны і ў гэтым можа быць вінаваты, але гэта ўсё не адмяняе таго, што ён таксама за гэта ўсё хвалюецца і, вядома, не хацеў бы, каб нейкая эскалацыя дадатковая тут здарылася, бо нічога добрага яму за гэта не свеціць», – мяркуе эксперт.

Апошняй нарады з сілавікамі ніяк нельга было адкласці, кажа Лукашэнка. Вайна грукаецца ў дзверы, мяжа ў небяспецы, навокал арудуюць дыверсанты. Тут, натуральна, ёсць пэўны кантэкст – напярэдадні нарады ў Расеі ў выніку выбуху пацярпеў цягнік з беларускімі нафтавырабамі. Пацярпеў не проста так – гэта дзеянні партызанаў, і якіх дакладна – яшчэ не вядома.

Што абмяркоўвалі на нарадзе, дакладна не вядома, – статус «сакрэтна». Але кіраўнік КДБ Церцель паабяцаў, што тыдзень-паўтара – і краіна даведаецца пра нейкіх дыверсантаў і спецаперацыі дзеля іхнага затрымання.

«Не спыняюцца спробы дэстабілізаваць сітуацыю ўнутры нашае краіны. Гэта, перш за ўсё, цэнтры за мяжою, якія плануюць гэтую дзейнасць, падтрыманне непасрэдна куратараў з ліку замежных спецслужбаў. Плануецца шэраг такіх сур’ёзных акцыяў на нашай тэрыторыі», – заявіў кіраўнік КДБ Беларусі Іван Церцель.

Акцыі, маўляў, спланаваныя нейкімі замежнымі спонсарамі. Паводле Церцеля, гэта нейкія асобы і нават цэлыя спецслужбы. Мяжа таксама ў небяспецы, і там узмацняецца кантроль, бо ўкраінскія памежнікі толькі і робяць, што правакуюць беларусаў.

«Збройныя сілы Украіны гэтага не рабілі на працягу 2022 года. Не заходзілі на тэрыторыю Беларусі і не праводзілі дыверсійна-выведчай дзейнасці. Таму навошта мы павінныя гэта зрабіць гэта ў 2023-м? Калі мы кажам пра Расейскую Федэрацыю, там розныя можна разглядаць сцэнары. Калі мы кажам пра Беларусь, я не бачу ніякага сэнсу, каб гэта варта было зрабіць. Хаця, зноў-такі, досвед правядзення такой дзейнасці ў нас досыць багаты», – каментуе вайскова-палітычны аглядальнік групы «Інформаційний спротив» Аляксандр Каваленка.

Лукашэнка, напэўна, і сам гэта добра ведае. Таму ўся гэтая мабілізацыя – або гульня для Крамля, гэткае імітаванне бурлівай дзейнасці, або сапраўды адчуванне небяспекі. У любым выпадку, нейкія высілкі робяцца – чарговае правяранне баявой гатовасці абарончага сектару. Правяраць будуць вайсковыя часткі і падраздзяленні ў Гарадзенскай, Берасцейскай і Менскай вобласцях. З новага тут – удзел расейскай авіяцыі і выпрабаванне гэтак званага народнага апалчэння, якое стварылі ў Беларусі раней. Вадзім Мажэйка бачыць тут некалькі прычынаў актыўнасці, адна з якіх датычыць Украіны.

Вадзім Мажэйка мяркуе, што гэта такі бясконцы блеф і напружванне Украіны, каб яна была гатовая.

«То бок, любыя вучэнні, бо менавіта з вучэнняў пачаўся наступ на Украіну. І адпаведна такая актыўнасць у Беларусі Украіну нервуе, гэта адцягвае сілы ад фронту, цяпер – ад магчымага контрнаступу, але выглядае, што ўкраінскія вайскоўцы і аналітыкі таксама разабраліся ў такім блефе, і проста нейкае аднаўленне вучэнняў не надта кагосьці ва Украіне напружвае».

Сапраўды, не надта. Бо той вайсковы кантынгент, які ёсць у Беларусі цяпер, непараўнальны з тым, што быў на пачатку вайны, кажа Аляксандр Каваленка. Паводле ацэнак «Беларускага Гаюна», у Беларусі цяпер крыху больш за 3,5 тысячы расейскіх вайскоўцаў.

«Такога паўторнага ўварвання на тэрыторыю Украіны сёння не чакаем, але пагроза застаецца, – упэўнены Аляксандр Каваленка. – То бок, пакуль гэтак званым прэзідэнтам Беларусі застаецца Лукашэнка, гэтая пагроза будзе заўсёды. Гэта трэба разумець, і мы гэтак сама сёння ставімся да ўсёй мяжы з Беларуссю – максімальны кантроль і прысутнасць падраздзяленняў, якія здольныя весці абарончыя дзеянні супраць нейкіх умоўных пагрозаў».

Што б улады Лукашэнкі не прадэманстравалі праз тыдзень-паўтара, як абяцаў Церцель, яно наўрад ці пераб’е гэтак званую дыверсію ў Маскве. Там Украіну абвінавацілі ў атацы на Крэмль – нават відэа з дронам і выбухам прадэманстравалі. Лукашэнкаўскія ж улады могуць выдумляць якія сабе хочуць дыверсіі. Адзінае страшна – за гэта могуць расплачвацца выпадковыя і бязвінныя людзі.

Надзея Бельская для праграмы «ПраСвет»

belsat.eu

Стужка навінаў