Сямёра вучняў ліцэю БНТУ паступілі ў Менскую дзіцячую інфекцыйную больніцу, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.
Падлеткаў аглядаюць дактары медычнай установы і спецыялісты БДМУ. Стан пацыентаў, якія трапілі ў больніцу, стабільны. Дзеці са слабейшымі сімптомамі застаюцца ўдома – іх лечаць амбулаторна.
Сітуацыю кантралюе міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў. Санітарна-эпідэмічная служба Менску праводзіць расследаванне сітуацыі.
Міністэрства аховы здароўя не паведамляе, якія сімптомы праявіліся ў дзяцей, магчымы дыягназ таксама не называецца.
У лютым 2024 года ў Беларусі Міністэрства аховы здароўя адзначала актывізацыю віруснага гепатыту А.
У ведамстве колькасць захварэлых не называюць. Але паведамляюць, што большасць з іх – гэта дарослыя ва ўзросце 18-39 гадоў. Удзельная вага дзяцей не перавышае 20 % выпадкаў.
А вось амаль забытая звычайна «дзіцячая» інфекцыя нагадвае пра сябе ў Гарадзенскай вобласці. Лідскія медыкі фіксуюць усё больш хворых на коклюш. Хвароба паражае дыхальныя шляхі.
Усе выпадкі – у дзяцей ва ўзросце 5–16 гадоў, але ёсць сярод інфекцыяваных і малыя да года. Эпідэміёлагі кажуць, што большасць хворых – гэта тыя, чые бацькі парушылі схему імунізацыі або не прышчапілі дзяцей, распавядае «Ліда ТБ».
У пачатку 2024-га назіраўся і ўсплёск захворванняў на адзёр.
Ася Саковіч belsat.eu